Паміж Расіяй і Казахстанам разгараецца гандлёвая вайна
Рассельгаснагляд спыніў увоз казахстанскай сельгаспрадукцыі ў Расію. У Казахстане гэта назвалі гандлёвай вайной. Магчыма, сапраўдная прычына канфлікту — у палітыцы.
03.10.2024 / 11:29
Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com
Рассельгаснагляд звярнуўся да Казахстана з патрабаваннем аб спыненні экспарту ў Расію збожжа, таматаў, перцу і насення сланечніка. Прычына — нібыта ў казахстанскай прадукцыі ўсё часцей выяўляюць шкоднікаў і хваробатворныя мікраарганізмы.
Прадстаўнік Збожжавага саюза Казахстана Яўген Карабанаў назваў сітуацыю блізкай да гандлёвай вайны.
«Гэта магчымая гандлёвая вайна. У нашых уладаў ёсць два шляхі: альбо адмяніць забарону на ўвоз расійскай пшаніцы, альбо ўвесці забарону на муку, малочку, мясныя прадукты і гэтак далей. Але трэба ўлічыць, што ў адказ будзе забарона на транзіт вугалю, нафты і нафтапрадуктаў… У другім выпадку — выхад з ЕўрАзЭС будзе лагічнай пазіцыяй. І канец ЕўрАзЭС…» — сказаў ён.
Карабанаў дадаў, што гэта, на яго думку, «афіцыйнае папярэджанне, што РФ будзе вельмі жорстка адстойваць свае эканамічныя інтарэсы».
Раней стала вядома, што Казахстан вядзе перамовы з Кітаем пра павелічэнне экспарту газу. Такім чынам, Казахстан канкурыруе за кітайскі рынак з Расіяй і Туркменістанам.
Акрамя таго, Казахстан заняў падкрэслена нейтральную пазіцыю ў адносінах да вайны ва Украіне і ўстрымліваецца ў ААН пры галасаваннях па ўкраінскім пытанні.
У Маскве не раз гучалі папрокі на адрас стэпавага суседа за тое, што там нібыта прыгнятаецца руская мова. А некаторыя дэпутаты Дзярждумы адкрыта называлі землі паўночнага Казахстана гістарычна расійскімі тэрыторыямі (насамрэч, у Казахстане існуе рэальнае двухмоўе, працуюць школы і ВНУ, а таксама СМІ на расійскай мове. Нічога падобнага няма ў самой Расіі, дзе нават вывучэнне ў школах моў карэнных народаў у большасці рэгіёнаў засталося толькі на ўзроўні факультатываў).
Раней у інтэрв'ю расійскім прапагандыстам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некаторыя краіны постсавецкай прасторы «ад Расіі хочуць нешта ўзяць, а ўзамен нічога не даць», згадаўшы Казахстан.
Гэтая заява выклікала рэзкую рэакцыю Астаны. Амбасадара Беларусі запрасілі на сустрэчу з міністрам замежных спраў. «У цяперашніх геапалітычных умовах выпрацаваны кіраўніком дзяржавы знешнепалітычны курс краіны даказаў сваю эфектыўнасць. У сувязі з гэтым міністр заклікаў беларускі бок да неабходнасці аб'ектыўна ацэньваць пазіцыю Астаны ў дачыненні да працэсаў, якія адбываюцца», — пісала прэс-служба МЗС Казахстана.