Школьнікаў у Мазыры навучаюць на аператараў беспілотнікаў для арміі

Аператараў дронаў пачалі навучаць у Беларусі на базе ДТСААФ. Новы напрамак названы «секцыямі па дрон-рэйсінгу», піша «Флагшток».

03.10.2024 / 11:20

Мазыр стаў першым у Гомельскай вобласці, дзе адкрылі такую секцыю. Навучэнцаў старэйшых класаў пазнаёмяць з канструкцыяй дрона і навучаць ім кіраваць, плануецца, што найлепшыя вучні возьмуць удзел у спаборніцтвах па дрон-рэйсінгу.

Новы напрамак пададзены як развіццё моднага спорту, але паведамляецца, што «акрамя спартыўнага складніка, развіццё дрон-рэйсінгу дазволіць падрыхтаваць будучых аператараў беспілотных лятальных апаратаў як для Узброеных сіл, так і для іншых сфер жыццядзейнасці».

Пры гэтым непаўналетніх удзельнікаў секцыі ў Мазыры апранулі ў камуфляжную форму. Адзін з выхаванцаў на адным фота прысутнічае з патчам на правай руцэ, на наступным фота школьнік ужо без яго. Імаверна, школьніка папрасілі зняць правакацыйную расійскую вайсковую сімволіку.

Мэту такіх секцый агучыў у верасні старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Беларусі генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч. Паводле яго слоў, «многія задачы ў плане падрыхтоўкі моладзі да службы ў войску ў ДТСААФ ператвараюць праз дзіцяча-юнацкі спорт», і ўжо да моманту прызыву хлопцы маюць практычны вопыт:

«Паводле нашых разлікаў, да 2026 года мы зможам цалкам забяспечыць сілавыя структуры аператарамі дронаў».

А ў пачатку года гэты ж генерал паведамляў пра тое, што ў Беларусі з'явіцца 10 секцый па навучанні дрон-рэйсінгу на базе ДТСААФ, каб падрыхтаваць будучых аператараў БПЛА «для Узброеных Сіл і іншых арганізацый». У наступным годзе ў кожнай вобласці з'явіцца яшчэ па два аддзяленні дрон-рэйсінгу.

«Такім чынам, мы зможам базава рыхтаваць каля тысячы аператараў штогод. Гэта адказвае нашай галоўнай задачы-садзейнічанню арміі», — заяўляў генерал.

У Мазыры на адкрыццё секцыі прыйшла цэлая дэлегацыя чыноўнікаў разам з праваслаўным святаром.

Nashaniva.com