«Патугі, валтузня і брудныя метады». Рыжанкоў заявіў, што Мінск спакойна глядзіць на зварот Літвы ў суд у Гаазе

Пры гэтым эмацыйная афарбоўка спіча міністра замежных спраў кажа пра адваротнае.

03.10.2024 / 15:47

Максім Рыжанкоў. Скрыншот відэа БТ

Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў пракаментаваў перадачу Літвой матэрыялаў на Лукашэнку ў Міжнародны крымінальны суд. Дыпламат назваў гэта чарговай антыбеларускай акцыяй «сыходзячай літоўскай адміністрацыі», піша БелТА.

«Літва здзейсніла чарговую антыбеларускую палітычную акцыю. Сыходзячая літоўская адміністрацыя, якая даўно не грэбуе выкарыстоўваць самыя брудныя і супярэчныя міжнароднаму праву метады працы, наважыла задзейнічаць кантраляваныя Захадам судовыя інстанцыі, ангажаваны характар якіх ужо даўно для ўсіх стаў відавочны», — мяркуе Рыжанкоў.

Ён заявіў, што Мінск нібыта ведаў пра планы Літвы даўно, і таму паставіўся да сітуацыі спакойна.

«І мы добра ведаем, для чаго і з чыёй падачы гэта робіцца. Не трэба быць прызнаным экспертам у галіне міжнароднага права, каб зразумець абсурднасць і надуманасць абвінавачванняў. Для нас відавочная бесперспектыўнасць патугаў Вільні і іх куратараў. Мы спакойна глядзім на гэтую валтузню і не перастаем заклікаць суседзяў да разважлівасці і адэкватнасці», — рэзюмаваў Рыжанкоў.

Пры гэтым кіраўнік МЗС назваў «істэрычнай і нервовай» рэакцыю Вільні на яго прасякнуты антылітоўскай прапагандай артыкул аб неабходнасці нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі. І заявіў, што ягоная пазіцыя «атрымала мноства цёплых водгукаў сярод жыхароў Літвы». З якіх крыніц ён даведаўся пра гэта, Рыжанкоў не паведаміў.

Нагадаем, у Літве назвалі ўмовы гэтай нармалізацыі: спыненне рэпрэсій і падтрымкі вайны супраць Украіны, свабодныя выбары і прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў.

Nashaniva.com