УСУ знішчылі ракетамі ATACMS РЛС «Небо-М»

У выніку знішчэння сістэмы коштам у 100 мільёнаў долараў у УСУ з'явіцца спрыяльны «паветраны калідор» для эфектыўнага выкарыстання дальнабойных крылатых ракет.

03.10.2024 / 19:07

РЛС «Небо-М» дэцыметровага дыяпазону хваляў. Фота: Wikimedia Commons

Пра знішчэнне расійскай радыёлакацыйнай станцыі «Небо-М» балістычнымі ракетамі ATACMS паведамілі ў прэс-службе Генеральнага штаба УСУ. Месца атакі не ўдакладняецца.

Сцвярджаецца, што гэта істотна зніжае магчымасці расійскай арміі па выяўленні, суправаджэнні і перахопу аэрадынамічных і балістычных цэляў і дазволіць стварыць спрыяльны «паветраны калідор» для эфектыўнага прымянення крылатых ракет Storm Shadow і SCALP-EG.

«Небо-М» — вельмі складаны для паражэння аб'ект, які можа працаваць ва ўмовах актыўнага радыёэлектроннага падаўлення, скануючы гарызонт у пошуках паветраных аб'ектаў на сярэдніх і вялікіх вышынях і на адлегласці да 600 кіламетраў. Адначасова сістэма можа адсочваць да 200 цэляў.

Сцвярджаецца, што гэтая сістэма, акрамя балістычных ракет, самалётаў, верталётаў і беспілотнікаў, можа выявіць малапамерныя і малазаўважныя цэлі, у тым ліку выкананыя па тэхналогіі «стэлс». А хуткасць яе разгортвання займае ўсяго 15 хвілін.

Праектаванне сістэмы пачалося ў 1999 годзе, а вытворчасць была наладжаная ў 2010-м. На ўзбраенне «Небо-М» была прынятая ў 2012-2013 гадах. РЛС мае некалькі мадыфікацый, разлічаных на працу ў метровым, дэцыметровым і сантыметровым дыяпазонах.

Па наяўнай у Генеральнага штаба УСУ інфармацыі, у расіян засталося ўсяго 10 дзейных сістэм гэтага тыпу, кошт кожнай з якіх ацэньваецца больш чым у 100 мільёнаў долараў ЗША.

Украінскія беспілотнікі відовішчна знішчылі яшчэ два склады з боепрыпасамі ў Расіі

УСУ ўпершыню збілі расійскі «Арлан» на велізарнай вышыні

Сёння ўкраінскія зенітчыкі збілі чарговы расійскі Су-25

Nashaniva.com