Успышка віруса Марбург можа перарасці ў новую пандэмію. Што гэта за хвароба?

Смяротны вірус Марбург, які пагражае свету, магчыма, ужо ў Германіі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што ўспышка, раней зарэгістраваная ў Руандзе, можа прывесці да новай эпідэміі. Па стане на 1 кастрычніка ў Руандзе з-за хваробы памерлі 10 чалавек, піша Бі-бі-сі.

04.10.2024 / 08:39

Фота: IMAGE POINT FR/NIH/NIAID/BSIP/Universal Images Group via Getty Images

Сярод загінулых — пераважна медыкі з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ў сталіцы Кігалі. Усяго ў краіне пацверджана 29 выпадкаў захворвання ў сямі з 30 абласцей. Зараз смяротны вірус, верагодна, дабраўся да Еўропы.

У сераду нямецкая федэральная паліцыя на некалькі гадзін закрыла Цэнтральны вакзал Гамбурга праз двух пасажыраў з сімптомамі віруса.

Адзін з пасажыраў, студэнт-медык прыляцеў у Германію з Руанды, дзе лячыў хворага Марбургам пацыента. У Франкфурце-на-Майне ён сеў з сяброўкай у цягнік, які накіроўваўся ў Гамбург. Падчас паездкі ў пары з'явіліся сімптомы віруса.

Па прыбыцці ў Гамбург іх тэрмінова даставілі ў спецыялізаваную клініку для абследавання.

У цягніку з патэнцыяльнымі носьбітамі віруса знаходзілася каля 200 пасажыраў. Паліцыя сабрала іх кантактныя звесткі на выпадак каранціну.

Паводле апошняй ацэнкі СААЗ, рызыка глабальнага распаўсюджвання віруса застаецца нізкай, але на нацыянальным і рэгіянальным узроўні рызыкі ацэньваюцца як вельмі высокія.

Што такое вірус Марбург

Гэта высокаінфекцыйнае захворванне, падобнае да ліхаманкі Эбола.

Сярод сімптомаў — цягліцавыя болі, дыярэя, ваніты, крывацёк з носа і рота. У некаторых выпадках вялікая страта крыві можа прывесці да смерці.

Фота: Bonnie Jo Mount/The Washington Post via Getty Image

Смяротны вірус пераважна перадаецца праз людзей, якія доўгі час праводзілі ў пячорах і шахтах, населеных кажанамі.

У апошнія гады ўспышкі Марбурга назіралі таксама ў наступных краінах:

У Анголе ўспышка 2005 года забрала жыцці больш за 300 чалавек.

Аднак у астатнім свеце за апошнія 40 гадоў ад Марбургскага віруса памерлі толькі два чалавекі — адзін у Еўропе і яшчэ адзін у ЗША.

Абодва былі ў экспедыцыях у пячорах Уганды.

Дзе больш за ўсё выпадкаў Марбурга

Успышку Марбурга ў Руандзе пацвердзілі ў канцы верасня 2024 года. Гэта першы выпадак захворвання ў краіне, і крыніцу пакуль не знайшлі.

Каля 300 чалавек, якія кантактавалі з інфікаванымі, знаходзяцца пад наглядам дактароў. Некаторыя з іх — медыцынскія работнікі.

СААЗ накіравала ў Руанду экспертаў, наборы для тэставання і сродкі індывідуальнай абароны для падтрымкі намаганняў па барацьбе са ўспышкай.

Якія сімптомы віруса Марбург

Інкубацыйны перыяд інфекцыі вар'іруецца ад 2 да 21 дня.

Вірус пачынаецца раптоўна і суправаджаецца:

На трэці дзень могуць з'явіцца:

Па даных СААЗ, «на гэтай стадыі рысы твару хворага абвастраюцца, вочы западаюць».

На пяты-сёмы дзень развіваюцца цяжкія гемарагічныя сімптомы. Пачынаецца крывацёк з розных частак цела, праз восем-дзевяць дзён пасля заражэння некаторыя пацыенты паміраюць з-за вялікай кровастраты і шоку.

Як перадаецца вірус Марбург

Яго могуць пераносіць афрыканскія зялёныя малпы і свінні.

Пераносчыкамі віруса таксама з'яўляюцца егіпецкія фруктовыя кажаны.

Заражэнне адбываецца пры прамым кантакце з біялагічнымі вадкасцямі інфікаваных, а таксама праз паверхні і матэрыялы, такія як пасцельная бялізна або ручнікі.

Нават калі чалавек ачуняў, яго кроў або сперма могуць заставацца інфікаванымі на працягу многіх месяцаў.

Як лячыць Марбург

Вакцын або супрацьвірусных прэпаратаў, ухваленых для лячэння віруса Марбург, не існуе.

Дактары могуць толькі палегчыць сімптомы, даючы хворым шмат вадкасці і выкарыстоўваючы пераліванні для аднаўлення аб'ёму крыві.

Як паведамляе СААЗ, цяпер медыкі распрацоўваюць шэраг прэпаратаў з выкарыстаннем крыві, імуналагічнай і лекавай тэрапіі.

Як не заразіцца вірусам

Глабальны альянс па вакцынах і імунізацы раіць жыхарам Афрыкі не ўжываць мяса дзікіх жывёл і пазбягаць кантактаў з імі.

СААЗ дадае, што таксама варта пазбягаць кантакту са свіннямі ў раёнах успышкі.

Паколькі вірусы Марбург і Эбола могуць захоўвацца ў сперме і перадавацца палавым шляхам, СААЗ рэкамендуе пацыентам, якія перанеслі інфекцыю, карыстацца прэзерватывамі, пакуль іх сперма двойчы не дасць адмоўны вынік на наяўнасць віруса.

Марбургская ліхаманка таксама можа перадавацца падчас пахавальных цырымоній, якія суправаджаюцца прамым кантактам удзельнікаў з целам памерлага.

Nashaniva.com