КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа падзення шахеда ў Калінкавічах

Па жанчыну прыслалі байцоў спецпадраздзялення САХР.

04.10.2024 / 11:59

Відэа затрымання жыхаркі Калінкавічаў з'явілася ў тэлеграм-каналах сілавікоў. Сцвярджаецца, што жанчыну затрымалі за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі.

Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна нібыта перадала відэаматэрыялы адміністратарам «дэструктыўных тэлеграм-каналаў», чым пасеяла паніку сярод насельніцтва. За гэта ў дачыненні да жанчыны нібыта завялі крымінальную справу.

Учора ў чатах Калінкавічаў быў апублікаваны запіс з камеры назірання. На відэа адлюстравана падзенне расійскага ўдарнага беспілотніка. Відэа суправаджаецца нарастаючым шумам рухавіка і гучным гукам выбуху. Гэты гук пачулі жыхары ўсяго райцэнтра і суседніх вёсак 3 кастрычніка ў 04:54.

Калі вы ведаеце больш пра тое, што здарылася ў Калінкавічах, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў тэлеграм @nn_editor, на мэйл nivanasha@proton.me або любому з супрацоўнікаў «НН», якога ведаеце асабіста.

Nashaniva.com