Мелані Трамп падтрымала права жанчын на аборты

Жонка рэспубліканскага кандыдата ў прэзідэнты Дональда Трампа падтрымала права жанчын на аборты. Такая пазіцыя супярэчыць дзеянням яе мужа, які будучы прэзідэнтам ЗША дапамог адмяніць рашэнне Вярхоўнага суда ЗША па справе «Роў супраць Уэйда», якое дазваляла аборты на федэральным узроўні, піша Бі-бі-сі.

04.10.2024 / 15:20

Мелані Трамп. Фота: Jacqueline Larma / AP

Мелані Трамп апублікавала кароткі відэакліп, у якім, распавядаючы пра сваю новую кнігу мемуараў, заявіла: «Калі гаворка заходзіць аб індывідуальнай свабодзе — фундаментальным праве, якое ёсць ва ўсіх жанчын з нараджэння, не можа быць ніякіх кампрамісаў». «Што на самой справе азначае фраза «Маё цела, мой выбар»?» — працягнула жонка Трампа.

Ролік з'явіўся на наступны дзень пасля таго, як брытанская Guardian апублікавала вытрымкі з яе мемуараў пад назвай «Мелані», якія выходзяць у свет 8 кастрычніка. У гэтай кнізе Мелані Трамп робіць яшчэ больш пэўныя заявы ў падтрымку права жанчын на аборты.

«Неверагодна важна гарантаваць жанчынам права самастойна прымаць рашэнні аб сваіх прыярытэтах па пытанні аб тым, заводзіць ці ім дзяцей, — піша Мелані. — Пры гэтым яны павінны кіравацца сваімі ўласнымі перакананнямі і не залежаць ад якога-небудзь умяшання або ціску з боку ўладаў».

«Чаму хтосьці іншы, а не сама жанчына, можа вырашаць, што ёй рабіць са сваім уласным целам? Фундаментальнае права жанчыны на індывідуальную свабоду, на сваё ўласнае жыццё гарантуе ёй уладу перарываць цяжарнасць, калі яна таго жадае», — працягвае Мелані Трамп.

«Абмяжоўваць права жанчын на выбар, ці перарываць непажаданую цяжарнасць — тое ж самае, што адмаўляць ёй у кантролі над уласным целам. Я пранесла гэтыя перакананні праз усё сваё свядомае жыццё», — піша жонка Трампа ў мемуарах.

Адмена федэральнага права на аборты

Такая пазіцыя відавочна супярэчыць дзеянням мужа Мелані Дональда Трампа, які яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 года абяцаў прывесці ў Вярхоўны суд ЗША сваіх прызначэнцаў, каб адмяніць Федэральнае права жанчын на аборты.

Ён выканаў сваё абяцанне — і ў 2022-м Вярхоўны суд адмяніў сваё гістарычнае рашэнне 1973 года па справе «Роў супраць Уэйда». Рашэнне ўсталёўвала, што права на недатыкальнасць прыватнага жыцця ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ЗША абараняе магчымасць жанчыны перапыніць цяжарнасць.

Пасля гэтага права жанчын на аборты стала рэгулявацца асобнымі штатамі ЗША — і некаторыя з іх фактычна ўвялі забарону на перапыненне цяжарнасці ў большасці выпадкаў.

У ходзе перадвыбарнай кампаніі 2024 года права на аборты стала адным з найбольш дыскусійных пытанняў. Многія жанчыны ў ЗША асцерагаюцца, што ў выпадку перамогі Трамп пойдзе на новыя абмежаванні — і гэта не падабаецца нават значнай частцы прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі.

На працягу кампаніі Трамп па-рознаму каментаваў праблему права на аборты, але на гэтым тыдні ўпершыню паабяцаў накласці вета на закон аб федэральнай забароне абортаў, калі ён калі-небудзь будзе прыняты Кангрэсам (верагоднасць такога развіцця падзей, зрэшты, вельмі невялікая).

Nashaniva.com