Махляры, якія прадаюць танныя шыны праз Instagram, рыхтуюцца да новага сезона. Як не трапіць на падман
Хутка беларускія аўтааматары будуць масава пераходзіць на зімовыя пакрышкі. Махляры, якія прадаюць пакрышкі праз Instagram, таксама рыхтуюцца да новага сезона.
07.10.2024 / 08:00
Тысячы падпісчыкаў, прыгожыя здымкі і прывабныя цэны
Навіны пра тое, як махляры прадаюць аўтамабільныя пакрышкі і дыскі праз Instagram, перыядычна з'яўляюцца ў СМІ пачынаючы з 2022 года.
Махлярскія акаўнты звычайна маюць даволі вялікую аўдыторыю падпісчыкаў, якія выконваюць адразу дзве ролі.
Па-першае, калі людзі бачаць, што за дзейнасцю кампаніі сочыць шмат людзей, то аўтаматычна пачынаюць успрымаць прадаўца як надзейнага. Па-другое, нярэдка самі падпісчыкі становяцца ахвярамі дзялкоў, якія стаяць за гэтым акаўнтам.
Прааналізаваўшы некалькі профіляў фэйкавых прадаўцоў, можна прыйсці да высновы, што яны нагналі аўдыторыю, дзякуючы ўдзелу ў гівах (розыгрышах) у якасці спонсараў.
Адкуль бярэцца аўдыторыя?
Вынікае, што махляры плацяць грошы SMM-агенцыям або напрамую блогерам, які праводзяць розыгрышы ў Instagram.
Апошнія далёка не заўжды займаюцца праверкай спонсараў, таму ў спіс акаўнтаў, на якія просяць падпісацца блогеры ў абмен на магчымасць выйграць прызы, нярэдка трапляюць профілі, за якімі стаяць махляры.
Таму, калі вы знаходзіце нейкі тавар у Instagram, не разлічвайце на тое, што вялікая колькасць падпісчыкаў = гарантыя сумленнасці прадаўца.
Пры аналізе профілю варта паглядзець, колькі разоў змянялася назва акаўнта, а таксама праверыць, з якой краіны яго вядуць.
Махлярскія акаўнты часта змяняюць назвы, а інфармацыя пра краіну паходжання звычайна прыхованая, што наводзіць на думку, што знаходзяцца махляры не ў Беларусі.
Адшукаць гэтую інфармацыю вельмі проста — дастаткова націснуць на назву акаўнта.
Прыкметы махляроў
Таксама варта звяртаць увагу на тое, ці ўказаны фізічны адрас, а таксама кантактныя нумары тэлефонаў. Праўда, дасведчаныя махляры знаходзяць, што напісаць у якасці адраса.
Напрыклад, у кастрычніку мінулага года ў СМІ пісалі пра прадаўцоў танных пакрышак, якія нібыта знаходзіліся на ўскраіне Гродна па адрасе: вул. Мясніцкая, 3. Натуральна, што ніякага склада з таннымі шынамі з Еўропы там не было.
«Да нас такіх, як вы, пакупнікоў па 100 чалавек на дзень прыязджае. З розных куткоў Беларусі. Усе шукаюць танную гуму», — адказвалі адной з ахвяр супрацоўнікі шынамантажу, які знаходзіўся непадалёку.
Звычайна махляры вядуць усю камунікацыю выключна праз Instagram або Telegram.
Аплаціць 50 або нават 100% цаны тавару перад купляй — нармалёвая практыка, але махляры просяць пераводзіць грошы менавіта на картку. Прычым, некаторыя, каб заблытаць пакупнікоў, просяць зрабіць гэта праз АРІП, тым самым мімікруючы пад сапраўдных ІП або юрасоб. Але ў выніку яны ўсё адно просяць пералічыць грошы па нумару карткі.
Яшчэ адзін момант, які выдае махляроў, — фоты. Праверка праз Google Lens паказвае, што гэта не ўнікальныя здымкі, а старыя фоты, узятыя ў інтэрнэце.
Але трэба разумець, што махляры не стаяць на месцы, яны робяць работу над памылкамі і пастаянна ўдасканальваюцца, як можна ўбачыць у выпадку з указаннем адрасу.
Тое самае і з фота: каб атрымліваць унікальныя здымкі, некаторыя прапануюць свае паслугі па дапамозе ў продажы вашых пакрышак.
Галоўнае — гэта цана
Галоўнае адрозненне сапраўднага тавару ад таго, што прадаюць махляры, — гэта цана. Махляры, як правіла, прапануюць набыць тавары па цэнах ад 30 да 50% ад іх рэальнага кошту.
Так, напрыклад, новыя зімовыя шыны Continental WinterContact TS 850 P 225/50R17 2023 года выпуску ў махляроў каштуюць усяго 172 рублі ($53) за штуку. У той час, як у рэальных прадаўцоў адна такая пакрышка каштуе ад 500 рублёў (каля 150 даляраў).
Аналагічная сітуацыя з зімовымі шынамі Bridgestone 2024 года выпуску. Махляры прадаюць іх па 168 рублёў (каля $50) за штуку, калі рэальныя прадаўца па 500 рублёў (каля $150) за штуку.
Параўнаўшы кошт з іншымі прадаўцамі, можна беспамылкова вызначыць, што вы камунікуеце з махлярамі. Але, як выглядае, штогод знаходзіцца не мала людзей, якія вераць у хвалебныя водгукі на старонках махляроў, вялікую аўдыторыю і вялікую ўдачу, што ў вас атрымаецца набыць нешта ў 2-3 разы танней, чым яно каштуе насамрэч.