Стала вядома дакладнае месца нараджэння дзеда Уэйна Грэцкі — і гэта не Гродзеншчына, як лічылася раней

Лічылася, што Цярэнцій Лаўрэнавіч пераехаў у Паўночную Амерыку з Гродзенскай губерні, што паўплывала на ход хакейнай гісторыі. Але наконт губерні, як кажуць, ёсць нюанс.

05.10.2024 / 12:44

Уэйн Грэцкі. Фота Wikimedia Commons

Дзядуля нападніка НХЛ Уэйна Грэцкі быў выхадцам вёскі Агдэмер тагачаснага Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, піша Tochka.by.

Паводле інфармацыі крыніцы з архіўных дакументаў, Цярэнцій Лаўрэнавіч Грэцкі нарадзіўся 10 красавіка 1892 года (паводле старога стылю).

Сёння яго паселішча знаходзіцца ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Гэта Палессе.

Адпаведны запіс знайшоўся ў метрычнай кнізе Гутаўскай царквы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні за 1892 год.

Дзед легендарнага хакеіста нарадзіўся ў сям'і Лаўрэна Сямёнавіча і Анастасіі Іванаўны Грэцкіх. У пачатку XX стагоддзя Цярэнцій Лаўрэнавіч Грэцкі перабраўся ў Канаду праз Чыкага. Ён эміграваў з жонкай Ганнай і сынам Зіновіем. У новым заакіянскім жыцці дзядуля Уэйна пачаў насіць імя Тоні.

Неўзабаве ён развёўся са сваёй жонкай і пазнаёміўся з Марыяй з Цярнопальскай вобласці Украіны. У іх нарадзіўся сын Уолтар, які і стаў бацькам будучай легенды НХЛ.

Уолтар і Цярэнцій (Тоні) Грэцкі ўсяляк падтрымлівалі пачынанні юнага Уэйна і яго захапленне хакеем. З тых часоў спартсмен правёў выдатную кар'еру. Ён выступаў за «Эдмантан», «Лос-Анджэлес Кінгз», «Сэнт-Луіс» і «Рэйнджэрс» у НХЛ.

Уэйн Грэцкі гуляў у НХЛ паміж 1978 і 1999 гг. За 21 год кар'еры ён устанавіў 61 рэкорд лігі.

Найвялікшым дасягненнем з'яўляецца найбольшая колькасць закінутых шайб — 894 у 1487 гульнях.

У 2010 годзе Грэцкі пабываў у Мінску, прыехаўшы на матч зорак КХЛ. Тады яму была арганізавана сустрэча з сястрой Галінай Салдаценкавай.

Клюшку легендарнага хакеіста беларускага паходжання прадалі за рэкордную суму

Ягор Шаранговіч атрымаў траўму перад стартам сезона ў НХЛ

Грабоўскі: У «Манрэалі» я не бухаў, таму быў асобна ад братоў Касціцыных

Nashaniva.com