Владимир Некляев. Диктант. Ко Дню учителя
Владимир Некляев опубликовал в своем фейсбуке поэму.
05.10.2024 / 14:11
Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы.
Кручу ў гумне іржавую сячкарню.
Буркоча дзед: «От зараз дам па карку…»
Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы
У гэтым годзе…»
Дзед яму: «Сухмень…»
Над токам пыл.
Гаркава нос казыча.
— Газету сёння ў паштара пазычыў.
— Старая?
— Не шчэ. За ўчарашні дзень.
— Пра што там?
— Ат… Пра што за ўсё часцей…
Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас.
— Памёр вось Колас.
— Хто памёр?
— Ды Колас.
Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы.
— А божухна! Усю руку змалола!..
— Жанілка ёсць — то пенсію дадуць…
Бінты. Пахмурны доктар. На акне —
Замест фіранкі — на цвіках газета.
…Глядзеў, нібы са школьнага партрэта,
I штосьці адбывалася ўва мне…
Пасля я сніў:
Дыктант. Апошні ўрок.
Настаўнік новы. «Хто?.. Які?..»
«Сярдзіты!»
— Дзе сшытак твой?
— Забыўся дома сшытак.
— Знарок забыўся?
(Не зманіць.)
— Знарок.
— Гультай?
— Гультай.
— Але на шчырасць здатны.
Святлее поле чыстага лістка…
Я ведаю, што напішу выдатна!
Ды не магу… Баліць, баліць рука!
З віною ў твар настаўніку гляджу.
Знаёмы вельмі… Той, што на партрэце!
Не… Як жа так? Яго няма на свеце!
Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.
У гэтым годзе менш на дзве капы
Нажалі жыта…»
I дыктант знаёмы!
«Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы».
Настаўнік усміхаецца: «Вядома…»
«Пра што там?»
«Ат… Пра што за ўсё часцей…»
Як добра ведаць, што было, што будзе!
«А суддзі хто?..»
Чакай, якія суддзі?
…Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Прачнуўся.
Ранак. Радыё.
(Памёр!)
«За даўнасцю гадоў…» Дыханне маці…
«Я словы пераблытаў у дыктанце!»
— Тэмпература… Мокры, як бабёр…
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы. Ё
Касцёл. Бальніца.
— Мне за мост, у школу,
Дыктант…
— Напішуць.
— Жыта жаць…
— Сажнуць.
Вавёркай сонца скача на сасне.
Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка.
— Ну, ачуняеш —
будзе, брат, лупцоўка!
— …Я сплю?
— Не спіш.
— Вы ў сне са мной?
— Не ў сне.
— Дыктуйце.
— Што?
— Няма дажджу. Сухмень.
— Палае ўвесь.
— Магчыма, сепсіс…
— Доктар!
«Я напішу выдатна…»
— Добра, добра…
«Я напішу…»
— Адно ўсё…
— Трэці дзень…
Партрэт выходзіць з класа, на акне
Гарыць сячкарня, курчыцца газета,
Паштар вавёркай скача на сасне…
«Я напішу…»
— А ён усё пра гэта.
…I раптам так, нібы пасля дажджу:
Грыбы па лесе, верасень, кастрыца,
Як не давалі — і далі напіцца…
На лаве ў лазні з паштаром сяджу,
Расказваю, як ён скакаў вавёркай,—
Паштар рагоча…
Добра паштару,
Што я жывы, сяджу з ім, гавару…
Харошая між намі йдзе гаворка.
Ды клічуць…
Чыста. Маладзік над хатай.
Зноў сон…
Зноў той…
Нібы заклаў душу!
I помню ўсё: не дапісаў дыктанта.
I ўсё надзею маю: дапішу.