У баях пад Харкавам загінуў расійскі апазіцыянер Дадзін — ён ваяваў за Украіну і любіў Янку Купалу
Расійскі апазіцыянер Ільдар Дадзін, які паехаў ваяваць на баку Украіны, памёр у баях у Харкаўскай вобласці. Пра гэта паведаміла журналістка «Эхо Москвы».
06.10.2024 / 00:31
Ільдар Дадзін. Скрыншот відэа «Медыязоны»
Ільдар Дадзін быў першым у Расіі, каго асудзілі па артыкуле аб неаднаразовым парушэнні правілаў мітынгаў (гэта быў 2015 год). Актывіста адправілі за гэта ў калонію. Прысуд адмянілі ў 2017-м.
Ільдар з'ехаў з Расіі ў Польшчу ў сакавіку 2022 года. Ён рыхтаваўся ваяваць на баку Украіны і ў чэрвені 2023 года ўступіў у «Сібірскі батальён» (ён складаецца з расійскіх добраахвотнікаў).
Мужчына ваяваў пад пазыўным «Гандзі», яму было 42 гады.
Раней Ільдар удзельнічаў таксама ў акцыях у падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. На адным з такіх пікетаў ён апынуўся, бо спадзяваўся пазнаёміцца з беларускімі праваабаронцамі.
«Ён фанат гурту «Ляпіс Трубяцкі», гурту «Brutto», чытаў Якуба Коласа, Янку Купалу. «Будзь смелым» — адзін з яго любімых вершаў», — расказвала былая жонка Дадзіна. Вершы ён чытаў не ў перакладзе, а па-беларуску.
«Ён паважаў беларускіх актывістаў, бо яны здольныя нешта рабіць у цяжкіх умовах», — дзялілася былая жонка.