Былому прэзідэнту Беларусі да пакета гарантый дадуць падатковыя льготы

Урад 3 кастрычніка ўнёс у Палату прадстаўнікоў Нацсходу Беларусі праект закона «Аб змене законаў», адно з палажэнняў якога прадугледжвае падатковыя льготы для былога прэзідэнта Беларусі, заўважыў reformby.org. 

06.10.2024 / 09:33

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Sergei Guneyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

Праектам прапануецца дапоўніць артыкул Падатковага кодэкса, у якім апісваюцца асаблівасці прававога рэгулявання пытанняў падаткаабкладання. У прыватнасці, прапануецца пашырыць прымяненне артыкула да сферы «забеспячэння гарантый Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне паўнамоцтваў у сувязі з заканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі або стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Аб якіх менавіта льготах ідзе гаворка, з тэксту зразумець нельга. Гэта будзе вызначана «іншымі законамі, якія ў гэтай частцы маюць большую юрыдычную сілу» ў адносінах да Падатковага кодэкса. Пры гэтым прэзідэнт Беларусі можа ўстанаўліваць асаблівасці прававога рэгулявання адносін, рэгламентаваных гэтым кодэксам.

У канцы мінулага года былі прыняты папраўкі ў закон «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь». У закон дадалі цалкам новы раздзел аб гарантыях для экс-прэзідэнта і членаў яго сямʼі.

Паводле дакумента, напрыклад, экс-прэзідэнта нельга будзе прыцягнуць да адказнасці за дзеянні, «учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў». Яго нельга затрымаць, неяк інакш пазбавіць асабістай свабоды, падвергнуць следчым і іншым працэсуальным дзеянням.

Такая ж недатыкальнасць распаўсюджваецца на членаў сямʼі былога прэзідэнта, на іх жылыя і службовыя памяшканні, транспартныя сродкі, сродкі сувязі, асабістыя архівы, перапіску і гэтак далей. 

Былога кіраўніка дзяржавы будуць ахоўваць «у поўным абʼёме мер, прадугледжаных заканадаўствам аб дзяржаўнай ахове». Члены сямʼі таксама атрымліваюць дзяржахову «ў адпаведнасці з заканадаўствам». 

Пасля смерці былога прэзідэнта кожнаму з чальцоў яго сямʼі пажыццёва прызначаецца грашовае ўтрыманне, таксама незалежна ад іншых крыніц прыбытку. Яго памер — на ўзроўні прыжыццёвага заробку прэзідэнта. 

На цяперашні момант у Беларусі няма былых прэзідэнтаў. Першы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сілай утрымлівае ўладу і захоўвае гэту пасаду ўжо больш за 30 гадоў.

Nashaniva.com