Што вядома пра гіганцкі дрон С-70 «Ахотнік», збіты над Канстанцінаўкай

Днём 5 кастрычніка вялікі лятальны апарат быў збіты побач з горадам Канстанцінаўка ў Данецкай вобласці. На думку спецыялістаў, гэта найноўшы расійскі рэактыўны БПЛА С-70 «Ахотнік». У чым яго адметнасць, піша ВВС.

06.10.2024 / 13:00

Кадры збіцця апарата, які першапачаткова прынялі за расійскі знішчальнік, пачалі распаўсюджвацца ў сацсетках каля 13:00 у суботу, 5 кастрычніка.

На відэа зняты момант паражэння гэтага БПЛА авіяцыйнай ракетай, якую імаверна, выпусціў расійскі самалёт.

«На тэрыторыі Канстанцінаўскай абшчыны ўпаў лятальны апарат», — паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Вадзім Філашкін.

«У выніку падзення абломкаў у прыватным сектары ўзнік пажар, пашкоджаныя прыватныя дамы… Папярэдне — без пацярпелых».

Адразу пасля інцыдэнту кіраўнік Канстанцінаўскай гарадской адміністрацыі Сяргей Гарбуноў паведаміў, што гэта ўкраінскія вайскоўцы збілі варожы самалёт.

Кавалак фюзеляжа збітага лятальнага апарата на ўскраіне Канстанцінаўкі

Кіраўнік АВА таксама выклаў фота наступстваў падзення лятальнага апарата і частку яго фюзеляжа з чырвонай зоркай, якая з'яўляецца сімвалам арміі РФ.

Кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка напісаў, што гэта можа быць ці самалёт Су-34 або найноўшы расійскі БПЛА С-70 «Ахотнік».

«Канчаткова стане зразумела пасля даследавання абломкаў», — дадаў ён.

Эксперыментальная зброя

Расійскія ваенныя блогеры ўпэўненыя, што збіты апарат — гэта найноўшы БПЛА С-70.

Так, тэлеграм-канал Figterbomer, які спецыялізуецца на расійскай вайсковай авіяцыі, напісаў некалькі версій таго, што магло адбыцца ў небе над Канстанцінаўкай. Гэта, у прыватнасці, магла быць страта кіравання БПЛА, уздзеянне РЭБ і адмова электронікі апарата.

Украінскі партал «Мілітарний» пацвярджае, што гэта быў БПЛА «Ахотнік».

Профільнае выданне Defense Express адзначае, што з высокай доляй верагоднасці на відэа зафіксавана першае збіццё гэтага найноўшага расійскага ўдарнага дрона.

Гэта фактычна беспілотны знішчальнік суправаджэння, ён суправаджае баявы самалёт і нясе ўзбраенне, пашыраючы такім чынам магчымасці асноўнага знішчальніка.

На кадрах, якія трапілі ў сетку, відаць, што С-70 ляцеў у пары з іншым самалётам, які ў пэўны момант выпусціў ракету.

«Ахотнік» упаў у раёне Канстанцінаўкі, што прыкладна за 12 кіламетраў ад лініі баявога сутыкнення. Такім чынам, эксперыментальны апарат ляцеў ужо ў паветранай прасторы, якую кантралююць УСУ.

С-70 распрацоўвае расійская авіякарпарацыя «Сухой» з 2012 года. Дакладныя характарыстыкі БПЛА невядомыя. Як мяркуецца, гэта можа быць дагукавы апарат, які можа ляцець у пары з знішчальнікамі Су-57 і Су-35.

Фота: Мінабароны РФ

Памеры БПЛА досыць уражлівыя: даўжыня — 14 м, размах крыла — 19 м, узлётная маса беспілотніка складае больш за 20 тон.

Ён можа несці ва ўнутраных адсеках ракеты і авіябомбы агульнай масай да 2,8 тоны.

Па планах распрацоўшчыкаў, рэактыўны «Ахотнік» будзе выкарыстоўвацца для ўдараў па аб'ектах праціўніка без заходу пілатуемых самалётаў у зону дзеяння сістэм супрацьпаветранай абароны.

Заяўленая далёкасць палёту — каля 5-6 тысяч кіламетраў з хуткасцю 1400 км/г.

27 верасня 2019 года Мінабароны Расіі паведаміла пра першы сумесны палёт «Ахотніка» і Су-57, які доўжыўся больш за 30 хвілін. Пазней расійскія ўлады заявілі аб пачатку серыйнай вытворчасці цяжкага рэактыўнага БПЛА з 2023 года.

Пасля гэтыя тэрміны пераносіліся. Апошнія агучаныя абяцанні — старт серыі ўжо ў другой палове бягучага года.

Узор «Ахотніка», прадстаўлены ў 2021 годзе. Фота: прэс-служба ААК РФ

Па некаторых даных, сёння РФ мае толькі чатыры прататыпы «Ахотніка» і яшчэ некалькі будуюць.

«Можна асцярожна выказаць здагадку, што перад стартам серыйнага вытворчасці расейцы вырашылі пратэставаць свае прататыпы непасрэдна на поле бою», — лічаць аналітыкі Defense Express.

Калі Расіі ўсё ж удасца запусціць серыйную вытворчасць гэтага найноўшага БПЛА, то гэта будзе сур'ёзным выклікам для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

Паводле задумы распрацоўшчыкаў, гэты цяжкі дрон з'яўляецца малапрыкметным для СПА і мае надзвычай шырокую наменклатуру ўзбраення на борце.

Так, згодна з агучанымі расійскімі ўладамі заявамі, «Ахотнік» зможа несці кіраваныя авіябомбы і высокадакладныя ракеты з карэкціроўкай курсу палёту.

Фактычна, расійская армія атрымае ў сваё распараджэнне беспілотны самалёт, які зможа залятаць углыб тэрыторыі праціўніка, весці разведку і знішчаць аб'екты высокадакладнымі боепрыпасамі.

Праўда, падзенне «Ахотніка» над Канстанцінаўкай ад неўстаноўленых абставін ставіць пад сумнеў гатоўнасць гэтага вырабу да практычнага выкарыстання.

Nashaniva.com