Кватэры еўрафармату набіраюць папулярнасць у Беларусі

Так званыя еўрадвушкі і еўратрошкі ўсё часцей сустракаюцца на беларускім рынку новага жытла, патрохі выціскаючы класічныя кватэры.

08.10.2024 / 07:00

Сучасная кватэра ў еўрафармаце. Фота: realt.by

Жытло на заходнееўрапейскі манер

Еўрадвушкі прыйшлі да нас з краін Заходняй Еўропы. Там кватэры такога фармату пачалі з'яўляцца яшчэ ў канцы 1970-х. У Беларусі еўракватэры забудоўшчыкі пачалі будаваць толькі з 2010-х.

Папярэднікамі сучасных еўрадвушак і еўратрошак можна назваць пераробленыя кватэры старога тыпу, дзе цесныя кухні гаспадары злучалі з гасцёўнямі.

Прыклад пераробленай кватэры ў Мінску ў доме 1973 года пабудовы. Фота: realt.by

Аб'яднанне кухоннай зоны з гасцёўняй дае магчымасць атрымаць больш прасторнае памяшканне.

Таму еўрадвушкі ці еўратрошкі каштуюць танней, чым класічныя кватэры, дзе кухня — гэта асобнае ізаляванае памяшканне. Менавіта з-за цаны такі фармат жытла становіцца ўсё больш папулярным.

Што лепей?

Што тычыцца зручнасці і практычнасці, тут няма адназначнага адказу, што лепш. З аднаго боку, кухня-гасцёўня дае магчымасць сачыць за падрыхтоўкай ежы з канапы або, наадварот, глядзець тэлевізар ці слухаць музыку з кухоннай зоны. Гэта таксама можа быць зручна, калі вам адначасова трэба гатаваць ежу і прыглядаць за малым дзіцём.

З іншага боку, пах і шум ад гатавання распаўсюджваюцца на гасцёўню. І, бадай, самае галоўнае, што ў кватэрах еўрафармату на адно ізаляванае памяшканне менш, што асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе пра еўрадвушку.

Сучасная кватэра ў еўрафармаце, калі кухня, гасцёўня і калідор гэта адно прасторнае памяшканне. Фота: realt.by

Але, тым не менш, такі фармат кватэр набірае папулярнасць, асабліва ў буйных гарадах. У краінах Еўропы еўракватэры амаль цалкам выцеснілі з рынку новабудоўляў кватэры з асобнымі кухоннымі пакоямі.

Папулярнасць кватэр еўрафармату таксама расце і ў Беларусі.

Што з цэнамі?

Цэны на еўрадвушкі, напрыклад, у новабудоўлях Новай Баравой стартуюць з 61 500 даляраў за кватэру плошчай каля 37 «квадратаў». Такое жытло складаецца са спальні на 11 м² і кухні-гасцёўні на 18 м².

Фота: скрыншот з сайта newbor.by

Калі б на той жа плошчы былі асобныя гасцёўня і кухня, то абодва памяшканні былі б вельмі малымі па памерах. Да таго ж, дадатковыя, нават не нясучыя сцены, крыху з'ядаюць прастору. Таму часта выбар на карысць еўрафармату — гэта ў першую чаргу эканомія.

Для параўнання, паўнавартасныя двухпакаёвыя кватэры ў той жа Новай Баравой маюць 54 квадратныя метры і каштуюць ужо ад 87 тысяч даляраў.

Пры гэтым у некаторых новых дамах, якія будуюць у Мінску, класічных кватэр ужо не існуе. Аднак папулярнасць еўракватэр расце не толькі ў сталіцы.

Планіроўка кватэр у 18-павярховым панэльным доме на ўскраіне Гродна ад дзяржзабудоўшчыка «Гроднажылбуд». Фота: ghb.by

Так, напрыклад, нават у самым звычайным 18-павярховым панэльным доме на ўскраіне Гродна 4 з 7 кватэр на паверсе — гэта ўжо еўрадвушкі і еўратрошкі.

Nashaniva.com