У Мінску затрымалі сына трэнера хакейнага «Дынама»
Хакейнага агента і сына расійскага галоўнага трэнера мінскага «Дынама» Дзмітрыя Квартальнава Мікіту Квартальнава затрымалі ў Мінску, паведамляе «Трыбуна».
06.10.2024 / 17:46
Мікіта Квартальнаў. Фота: сацсеткі
Па інфармацыі выдання, Квартальнаў-малодшы правёў у зняволенні ўжо трое сутак.
Тэлеграм-канал «Хоккей без цензуры», паведамляў, што расіянін затрыманы на 10 сутак.
Яго бацька Дзмітрый Квартальнаў па сумяшчальніцтве трэніруе зборную Беларусі па хакеі.
У Мікіты Квартальнава скандальная рэпутацыя ў хакейных колах, яго абвінавачвалі ў брудных метадах працы ў камандах, якімі кіраваў ягоны бацька. Калі ў красавіку 2023 года Дзмітрый Квартальнаў узначаліў «Дынама», Мікіта разгарнуў актыўную дзейнасць і ў Мінску, пераманіўшы частку гульцоў у іншых агентаў. Фактычна ён паспрабаваў узяць пад кантроль усю селекцыю ў «Дынама».
Аднак неўзабаве ён трапіў у гучны скандал. «Дынама» цікавілася якасным па мерках КХЛ брамнікам Адамам Рэйдэборнам, але здзелку сарваў Квартальнаў-малодшы. Ён прапанаваў брамніку перайсці ў «Дынама», але толькі з умовай, што той пакіне свайго агента і стане яго кліентам. Пераход, у выніку, не адбыўся, а на Мікіту Квартальнава нават падалі скаргу кіраўніцтву лігі.
Мікіта не здаўся і працягнуў весці перамовы і наладжваць зносіны з гульцамі нібыта ад імя «Дынама» — хваліўся сувязямі ў мінскім клубе і ўплывам на селекцыю. У выніку дырэктар «Дынама» Арцём Каркоцкі нядаўна ўвогуле забараніў Квартальнаву-малодшаму з'яўляцца ў офісе мінскага «Дынама».
«Ніякага дачынення да селекцыі «Дынама» ён не мае і такімі паўнамоцтвамі не валодае», — заявіў Каркоцкі.
Ён падкрэсліў, што абмяркоўваў гэтае пытанне з Мікітам Квартальнавым ужо некалькі разоў і паабяцаў адправіць скаргу ў КХЛ з просьбай пазбавіць яго статусу агента, калі гісторыя паўторыцца.