Квадробераў прыдумалі, каб яны прынеслі Захаду ў зубах суверэнітэт Беларусі — новая версія прапаганды
Звязаны з Мінабароны канал раптам апублікаваў артыкул пра квадробераў як інструмент заходняга ўплыву.
06.10.2024 / 21:48
Фота: lassie.ru
Квадробіка — рух родам з Японіі. Адэпты гэтай субкультуры капіююць паводзіны жывёл, часцей за ўсё, катоў і сабак. Яны бегаюць на карачках, выдаюць гукі, падобныя да гукаў жывёл, надзяваюць маскі і хвасты. Некаторыя спрабуюць нават есці корм жывёл. Зрэшты, у Беларусі нядаўна з'явіўся бяспечны корм спецыяльна для квадрлбераў.
Гэтая дзіцячая забава, мяркуючы па ўсім, сур'ёзна турбуе беларускіх прапагандыстаў. У адным з матэрыялаў, напрыклад, квадробіку назвалі «першым крокам да сатанізму». Цяпер жа з'явілася яшчэ адна, не менш выдатная, версія.
Канал «Невальфовіч», які, меркавана, вядуць спецыялісты з ідэалагічнага ўпраўлення Мінабароны, выклаў уласную аналітыку гэтай з'явы. І прыйшоў да зусім нечаканых высноў.
Хоць у пачатку артыкула яго аўтар прызнае, што для дзяцей 7-12 гадоў нічога страшнага ў квадробіцы няма — гэта звычайная ролевая гульня, уласцівая дзецям гэтага ўзросту. А вось дзецям старэйшым, якія спрабуюць есці корм для жывёл, прапануюць звярнуцца да спецыялістаў.
А далей пачынаецца тое, дзеля чаго гэты артыкул і рыхтавалі. Аказваецца, квадробінг — гэта, ні шмат ні мала, інструмент Захаду па прыгнёце іншых народаў.
На думку ананімнага аўтара, квадробінг актыўна падтрымліваецца ў Еўропе і нават навязваецца ў якасці грамадскай нормы. У прыклад прыводзіцца марш квадробераў, які прайшоў у польскім Уроцлаве.
Прапагандысты лічаць, што працуе тая ж самая тэхналогія, што і ў выпадку з рухам ЛГБТ, які, як яны лічаць, Захад навязаў іншым народам раней.
«Як ЛГБТ, рух квадробераў прыйшоў да нас з-за мяжы. Быў гэта «спорт» або чыясьці «блогерская» задумка, але заходнія каштоўнасці і культура, якая навязваецца, актыўна знішчаюць выхаванне і маральнасць народаў», — лічыць аўтар канала.
Галоўная задача ўсяго гэтага, вядома ж, адна: пазбавіць Беларусь суверэнітэту.
«Захад у «гульнявой форме» ставіць нашых дзяцей на калені, забірае індывідуальнасць і гістарычныя каштоўнасці, корміць як жывёл. Апошнім крокам можа стаць суверэнітэт краіны, які «людзі-жывёлы» ў зубах прынясуць па камандзе Захаду?» — пытаецца аўтар артыкула.
Якім чынам дзеці ў касцюмах катоў і сабак змогуць здаць суверэнітэт Захаду і як гэты механізм працуе, у матэрыяле не тлумачыцца.
Дыскусія пра квадробераў ужо некаторы час вядзецца ў публічнай прасторы. Напрыклад, псіхатэрапеўт, з якім размаўляла «Наша Ніва», лічыць, што такая гульня не можа нашкодзіць псіхіцы падлетка і траўмаваць яе, як гэта падаецца ў дзяржаўных СМІ:
«Дзецям патрэбныя гульні, таму што ў гульнявой форме яны вучацца быць дарослымі. Гульня — найважнейшая частка развіцця чалавека. Трывожныя формы гэта можа набываць у выпадку, калі дзіця праводзіць такім чынам залішне шмат часу. Калі ў жыцці застаюцца адны забавы».
На абарону квадробераў і хобіхорсераў нядаўна ўстаў нават прадстаўнік праваслаўнай царквы. Экс-прэс-сакратар БПЦ протаіерэй Сергій Лепін прапанаваў стварыць Сінадальны аддзел па ўзаемадзеянні з квадроберамі, па аналогіі з аддзелам па працы з казакамі: «Іх (квадробераў) больш».
Школьнік-квадробер залез на дах бацькоўскай машыны — ім зацікавілася міліцыя
Дзяржпрапаганда паставіла новую модную ў падлеткаў субкультуру ў адзін шэраг з сатанізмам
У Брэсце заўважылі дзяцей-квадробераў. Што гэта за новы трэнд?
У Магілёве квадроберы захацелі пазнаёміцца з сабакам. Але той гэтага не ацаніў ВІДЭА