Футбольны салігорскі «Шахцёр» упершыню ў гісторыі выляцеў з вышэйшай лігі. Як так выйшла?

Гарнякі страцілі матэматычныя шанцы на выратаванне. А віной усяму дагаворныя матчы двухгадовай даўніны.

06.10.2024 / 22:29

Фота: прэс-служба «Шахцёра»

Салігорскі «Шахцёр» упершыню ў суверэннай гісторыі вылецеў з вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе.

У матчы 24-га тура гарнякі прайгралі мінскаму «Дынама» з лікам 0:3. За шэсць тураў да канца «Шахцёр» займае апошняе месца з адным балам у актыве. Нават шэсць перамог у астатніх сустрэчах не дапамогуць салігорскай камандзе застацца ў эліце.

Віной усяму скандал з дамоўнымі матчамі двухгадовай даўніны. У 2022 годзе салігорцы выйгралі чацвёрты чэмпіёнскі тытул. Аднак пазней высветлілася, што кіраўніцтва клуба фінансава стымулявала іншыя каманды перад матчамі з прамымі канкурэнтамі «Шахцёра», а таксама прапаноўвалі арганізаваць некалькі дамоўных матчаў.

У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены чэмпіёнства і аштрафаваны. Таксама клуб пазбавілі 30 ачкоў на старце сезона-2023 і 20 ачкоў у сезоне-2024. У выніку каманду пакінулі большасць вядучых гульцоў.

Цяперашні чэмпіянат «Шахцёр» пачынаў з «-20» ачкамі ў табліцы. Па выніках 24 тураў камандзе ўдалося выйсці з мінусу, атрымаўшы пяць перамог і шэсць разоў згуляўшы ўнічыю, аднак ад першага ў гісторыі вылету гэта гарнякоў не выратавала.

«Шахцёр» тройчы выйграваў суверэнны чэмпіянат Беларусі, па колькасці тытулаў ён саступае толькі мінскаму «Дынама» і БАТЭ.

Экс-дырэктар салігорскага «Шахцёра» атрымаў 6 гадоў калоніі, спецыяліст па працы з фанатамі — 7 гадоў

Nashaniva.com