Амаль 70% падтрымалі будаўніцтва АЭС у Казахстане — экзітпол

Афіцыйныя вынікі стануць вядомыя сёння.

07.10.2024 / 07:40

Tengrinews.kz

Каля 69,8% ад колькасці апытаных грамадзян Казахстана, якія ўзялі ўдзел у рэферэндуме, прагаласавалі за будаўніцтва АЭС, паведамляюць аўтары даследавання па методыцы экзітпол, прыватны фонд «Інстытут комплексных даследаванняў Астана».

«Прагаласавалі за будаўніцтва атамнай станцыі 69,8% ад колькасці апытаных грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Адказалі, што супраць, 30,2% удзельнікаў апытання. Яўка на ўчасткі зафіксаваная на ўзроўні 67,3 %», — гаворыцца на сайце Службы цэнтральных камунікацый пры прэзідэнце Казахстана, дзе апублікаваныя звесткі даследавання.

Сацыялагічная хібнасць даных складае каля 1,5%. Апытанне праводзілася па методыцы экзіт пол на 189 участках па ўсёй краіне. У агульным ліку былі ахопленыя 283 519 казахстанцаў, якія прагаласавалі.

Афіцыйныя вынікі стануць вядомыя сёння.

Nashaniva.com