У Расіі 72-гадовага грамадзяніна ЗША асудзілі на сем гадоў за наёмніцтва ва Украіне

Суд у Маскве прысудзіў 72-гадовага грамадзяніна ЗША Стывена Хабарда да 6 гадоў 10 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула аб найміцтве, піша Радыё Свабода».

07.10.2024 / 14:37

У Хабарда таксама канфіскавалі яго грошы — 142 тысяч грыўняў (3 400 даляраў). Пракуратура патрабавала прысудзіць амерыканца да сямі гадоў пазбаўлення волі. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Сцвярджаецца, што Хабард прызнаў віну.

Па версіі следства, ураджэнец Мічыгана Стывен Хабард з 2014 года жыў ва Украіне. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ён уступіў у шэрагі тэрытарыяльнай абароны. У красавіку гэтага года ён нібыта трапіў у палон.

У траўні гэтага года ў фэйсбуку ў профілі карыстальніка пад імем Трыша Хабард Фокс з'явіўся запіс, у якім гаворыцца, што яе брат Стывен Джэймс Хабард быў «выкрадзены ва Украіне амаль тры гады таму». Яна сцвярджае, што ў сетцы ёсць як мінімум два відэа, на якіх ён звязаны і збіты.

Nashaniva.com