Бягуха Ціманоўская гатовая судзіцца з былым мужам за 33000 даляраў і пагражае пазбавіць яго грамадзянства

Беларускі плывец Яўген Цуркін у жніўні 2023 года расказваў, што пасля завяршэння спартыўнай кар'еры і пераезду ў Польшчу пачаў трэніраваць дзяцей у Варшаве і займацца бізнэсам — купляй і дастаўкай аўтамабіляў з ЗША. Ягоным партнёрам па гэтым праекце стаў Арсеній Зданевіч, былы муж бягухі Крысціны Ціманоўскай (пара развялася ў 2023 годзе). Але скончыўся гэты бізнэс не надта добра, даведалася «Трыбуна».

07.10.2024 / 17:29

Арсеній Зданевіч

Прадпрыемства працавала так: машыны куплялі на аўкцыёне, рамантавалі і дастаўлялі кліентам у Польшчу.

Аднак урэшце супрацоўніцтва з Цуркіным не атрымала развіцця і наогул згарнулася. Яшчэ вясной «Трыбуне» стала вядома пра выхад Цуркіна з аўтамабільнага праекта. Былы муж Ціманоўскай працягнуў ганяць машыны ўжо ў адзіночку. Гэтым ён займаўся да нядаўняга часу. Аднак вельмі падобна, што ў бізнэсе ў Зданевіча паўсталі праблемы.

Як мінімум пяцёра чалавек сцвярджаюць, што аддалі яму свае грошы, але абяцаныя машыны не атрымалі. Людзі збіраюцца падаць калектыўны іск у польскі суд, бо лічаць сябе пацярпелымі.

У матэрыяле «Трыбуны» згадваецца, што Зданевіч зарэгістраваў у Польшчы кампанію USA CAR EXPRESS, якая займалася дастаўкай аўтамабіляў з ЗША. Аднак з восені 2023 года кліенты не атрымлівалі абяцаныя машыны і не маглі звязацца з Зданевічам.

Паведамляецца, што сам ён цяпер знаходзіцца ў Грузіі, працягвае весці раскошны лад жыцця, купляе дарагія рэчы, але не выконвае абавязацельствы перад кліентамі.

Былыя партнёры і нават былая жонка Крысціна Ціманоўская таксама маюць фінансавыя прэтэнзіі да Зданевіча. Ціманоўская расказала, што Зданевіч нібыта прысвоіў дзве машыны, якія былі купленыя за яе 30000 даляраў, а таксама не вярнуў ёй доўг у 3000 даляраў.

«Я дала яму сваіх 30 тысяч даляраў. Мы заказалі дзве машыны яшчэ летась, калі ён толькі заняўся бізнэсам. Гэта быў перыяд, калі я з'ехала на чэмпіянат свету (і там даведалася пра чарговую здраду) і загаварыла пра развод. Да майго вяртання ён гэтыя дзве ўжо дастаўленыя машыны перапісаў на сяброў. Можна сказаць, ён скраў у мяне дзве машыны на 30 тысяч даляраў.

На жаль, паколькі аўто першапачаткова не былі зарэгістраваныя ні на каго з нас дваіх, я нічога не даказала. Ён проста мяне кінуў — і ўсё, я страціла грошы.

Таксама ён узяў у мяне ў доўг 3 тысячы даляраў. Напісаў распіску і абяцаў вярнуць. Натуральна, нічога не вярнуў і нават пры наяўнасці распіскі сказаў, што нічога не павінен», — расказвае Крысціна Ціманоўская.

Дзеля таго бягуха заяўляе, што

«калі раптам нейкі добры адвакат гатовы ўзяцца за гэтую справу з машынамі, каб дапамагчы і мне, і іншым, то я з задавальненнем буду супрацоўнічаць і нават гатовая паспрыяць у пазбаўленні яго [Арсеня Зданевіча] польскага грамадзянства, таму што ён гэта грамадзянства атрымаў дзякуючы мне».

Ціманоўская прадае дарагое аўто, падоранае былым мужам

Муж Ціманоўскай хутка знайшоў ёй замену. Гэта гарачая ўкраінка, што любіць ню-фота і ненавідзіць Пуціна

«Зразумела, што вартая лепшага». Крысціна Ціманоўская разводзіцца

Муж Ціманоўскай — пра характар жонкі, расставанні з ёю, ад’езд з Беларусі і заробкі

Nashaniva.com