Дзяўчына збіралася купіць кватэру, але яе малады чалавек прайграў усе грошы ў казіно

26-гадовы жыхар Маладзечна, сустракаўся з мінчанкай і час ад часу пражываў у яе дома. Бацькі перадалі дзяўчыне 45 000 даляраў на куплю кватэры, паведамляе паблік «Про Молодечно».

08.10.2024 / 11:54

Аб намерах сяброўкі абзавесціся нерухомасцю ведаў і каханы. Аднойчы ён знайшоў у камодзе валюту і стаў марнаваць яе на стаўкі ў казіно, прайграўшы ўсё. У гэтым зламыснік прызнаўся сяброўцы. 

 

Бацька дзяўчыны звярнуўся з заявай у міліцыю. У дачыненні да гора-кавалера распачалі крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся. Прычыненую пацярпелай шкоду кампенсавалі яго бацькі. 

 

— Абвінавачаны працуе механікам на прыватным прадпрыемстве, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — пракаментавала памочнік пракурора Ада Акулава.

Суд даў чатыры гады калоніі са штрафам 200 базавых велічынь (8000 рублёў). Аднак суд адтэрмінаваў выкананне асноўнага пакарання на тры гады, абавязаўшы не мяняць месца жыхарства без згоды органа, які ажыццяўляе кантроль, а таксама ў вольны час выканаць грамадска-карысныя працы ў аб'ёме 120 гадзін.

Nashaniva.com