Дэпутаты палаты ціха мацюкаюцца

Разумныя лідэры апазіцыі таксама прыкусілі губу. Піша Барыс Тумар.

19.02.2010 / 11:11

У Еўранэст запросяць толькі дэлегатаў ад апазіцыі. Ад лукашыстаў не будзе нікога. Пра гэта стала вядома крыніцам у Брусэлі.

Рашэнне прадказальнае: каму ж падабаецца, калі вам плююць у твар. А беларуская адміністрацыя пару разоў плюнула сакавіта. З разлікам і дакладнасцю.

Дэпутаты палаты і іх дэлегаваныя са спецслужбаў памочнікі ціха мацюкаюцца. Яны ўжо паспелі вывучыць турыстычныя мапы Брусэля і купіць новыя гальштукі.

Самае цікавае для разумных лідэраў апазіцыі — магчымасць камунікаваць з лукашэнкаўцамі — сарвалася. Самая цікавая для другога эшалону лукашэнкаўцаў — магчымасць бяспечна кантактаваць з апазіцыяй — страчаная таксама.

А ў астатнім усё добра. Прыстойнасці захаваныя. Антынароднаму рэжыму далі належны адлуп за яго некіраванасць. Лідэры апазіцыі атрымаюць камандзіровачныя і магчымасць вучыцца майстэрству сядзення ў прэзідыумах.

Барыс Тумар