З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну

«Белшына» стала адным з нямногіх прадпрыемстваў, якім удалося выкрасліць сябе з санкцыйнага спісу Еўрасаюза: суд вырашыў, што кампанію бяздоказна абвінавацілі ў фінансаванні рэжыму Лукашэнкі і падтрымцы вайны Расіі супраць Украіны. Аднак Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што паралельна з аспрэчваннем санкцый прадпрыемства працягвала пастаўляць шыны расійскай арміі, як нікуды не дзелася і ягоная поўная падуладнасць рэжыму Лукашэнкі.

08.10.2024 / 20:00

Калаж створаны БРЦ з выкарыстаннем ШІ

У 2024 годзе Еўрапейскі суд зняў санкцыі з «Белшыны», пастанавіўшы, што прадпрыемства без дакладных доказаў абвінавацілі ў фінансаванні рэжыму Лукашэнкі і падтрымцы вайны Расіі супраць Украіны. «Белшына» сцвярджала ў судзе, што яна з’яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, але да моманту ўвядзення санкцый несла страты і не магла быць сур'ёзнай крыніцай даходу для рэжыму Лукашэнкі. Суд прызнаў гэтыя аргументы і прыняў рашэнне на карысць кампаніі.

Аднак расследаванне, праведзенае Беларускім расследавальніцкім цэнтрам, даказвае, што гэта рашэнне было памылковым.

«Белшына» працягвала пастаўляць сваю прадукцыю, уключаючы шыны для вайсковай тэхнікі, Міністэрству абароны Расіі, што сведчыць пра яе ўдзел у падтрымцы вайны ва Украіне.

Унутры Беларусі «Белшына» апошнім часам трапіла ў карупцыйны скандал. У 2023 годзе генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў быў арыштаваны за тое, што прадаваў буйнагрузавыя шыны расійскім пасярэднікам па цэнах ніжэйшых за сабекошт. Лукашэнка асабіста абвінаваціў Бунакова ў тым, што той заключыў нявыгадны для «Белшыны» кантракт, у той час як расійскія пасярэднікі перапрадавалі шыны з нацэнкай у 60%. Асаблівую ўвагу выклікаў факт, што гэта адбывалася на фоне санкцый, калі попыт на беларускія шыны значна вырас пасля выхаду з расійскага рынку заходніх кампаній.

Пасля скандалу ад «Белшыны» былі адхіленыя пасярэднікі, і эксклюзіўныя правы на распаўсюджванне шын у Расіі перайшлі да «Гандлёвага дома БелАЗ», 45% акцый якога належыць Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі. Гэта прывяло да пераразмеркавання кантролю на рынку шын на карысць сям'і Лукашэнкі.

«Белшына» пастаўляла шыны для расійскай вайсковай тэхнікі праз свайго дылера «Белнафтахім-Рас», які з'яўляецца дзяржаўнай беларускай кампаніяй.

Паводле даных расследавання БРЦ, толькі ў 2022—2023 гадах было заключана некалькі кантрактаў з Міністэрствам абароны Расіі на агульную суму больш за 1,5 мільярда расійскіх рублёў (каля 19,5 мільёнаў долараў).

Шыны «Белшыны» былі выяўленыя на вайсковай тэхніцы, якая ўдзельнічала ў баявых дзеяннях ва Украіне. Напрыклад, на падмаскоўным форуме «Армія-2023» былі прадстаўленыя ўзоры вайсковай тэхнікі, у тым ліку самаходная гаўбіца «Мальва» і сістэма супрацьпаветранай абароны С-400, забяспечаныя шынамі «Белшыны». Гэтая тэхніка выкарыстоўваецца ў баявых аперацыях на Харкаўшчыне і для абстрэлу ўкраінскіх гарадоў.

Такім чынам, хоць «Белшына» і змагла выйграць суд у Еўропе, расследаванне БРЦ паказвае, што прадпрыемства працягвае дзейнічаць у інтарэсах як беларускай улады, так і расійскай ваеннай машыны.

Стала вядома, колькі зарабілі на продажы БелАЗаў пасярэднікі з колаў малодшых Лукашэнкаў — гэта сотні мільёнаў даляраў на год

Порт для Беларусі ў Мурманску будзе будаваць былы дырэктар «Белшыны», якога год таму арыштоўвалі

Еўрапейскі суд зняў санкцыі з «Белшыны»

Параўналі цэны на новыя зімовыя шыны ў Беларусі, Польшчы і Літве. Вынік нечаканы

Nashaniva.com