На ЗША ідзе звышмагутны ўраган самай апошняй катэгорыі. З-за яго могуць увесці новую класіфікацыю
«Гэты шторм набліжаецца да матэматычнай мяжы таго, што можа ўвогуле вырабляць атмасфера Зямлі над акіянскай вадой», — кажуць амерыканскія метэаролагі. Вось, што сабой уяўляе ўраган «Мілтан» і тэндэнцыя фармавання новай катэгорыі звышмагутных штармоў.
08.10.2024 / 21:46
Спадарожнікавыz здымкі звышмагутнага ўрагану «Мілтан» апошняй пятай катэгорыі, які набліжаецца да ўзбярэжжа амерыканскага штата Фларыда. Фота: CIRA
Гіганцкі шторм «Мілтан» ужо заўтра дасягне амерыканскага штата Фларыда, дзе створыць «надзвычай небяспечныя для жыцця ўмовы і прывядзе да катастрафічных разбурэнняў», — паведамляе Нацыянальны цэнтр адсочвання ўраганаў ЗША. Па магутнасці «Мілтан» мае пятую катэгорыю і лічыцца пятым па ліку найбуйнейшым штормам за ўсю гісторыю назіранняў у Атлантыцы.
Пятая катэгорыя — найвышэйшая на дадзены момант, але многія эксперты сцвярджаюць, што з-за кліматычных змен ураганы становяцца мацнейшымі за стандартныя межавыя паказчыкі, таму можа спатрэбіцца ўвесці новую катэгорыю — шостую.
Ураганы класіфікуюцца з дапамогай шкалы Сафіра-Сімпсана, якая ацэньвае іх паводле ўстойлівай хуткасці ветру і патэнцыйнай шкоды, якую гэтыя вятры могуць нанесці асяроддзю. Шкала мае пяць катэгорый, якія вар'іруюцца з ростам хуткасці ветру і патэнцыялу да разбурэнняў.
Катэгорыя 1: хуткасць ветру ад 119 да 153 км/гадзіну.
Катэгорыя 2: хуткасць ветру ад 154 да 177 км/гадзіну.
Катэгорыя 3: хуткасць ветру ад 178 да 208 км/гадзіну.
Катэгорыя 4: хуткасць ветру ад 209 да 251 км/гадзіну.
Катэгорыя 5: хуткасць ветру ад 252 км/гадзіну і больш.
Даследаванне, апублікаванае ў пачатку года групай урадавых амерыканскіх метэаролагаў у часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences, прапанавала ўвесці шостую катэгорыю для ўраганаў з хуткасцю ветру 309 кіламетраў на гадзіну і вышэй.
Паводле навукоўцаў, змены клімату правакуюць большую колькасць звышмагутных ураганаў на планеце: так, у перыяд з 1980 па 2021 год было зафіксавана 197 трапічных цыклонаў пятай катэгорыі, палова з іх адбылася ў апошнія 17 гадоў. Пяць з гэтых штармоў перавысілі гіпатэтычную шостую катэгорыю, і ўсе яны адбыліся ў апошнія 9 гадоў (самы інтэнсіўны з іх — ураган «Патрыцыя», які ў 2015 годзе ў пікавы момант дасягнуў хуткасці ветру ў 348 кіламетраў у гадзіну і абрынуўся на Мексіку), перадае выданне Newsweek.
Аднак не ўсе эксперты лічаць, што патрэбна ўводзіць новую шостую катэгорыю, бо «вятры пятай катэгорыі і так прыводзяць да катастрафічных вынікаў, таму цяжка зразумець, як даданне новай катэгорыі можа дапамагчы сітуацыі», адзначае выданне са спасылкай на іншую каманду навукоўцаў.
Сам «Мілтан», паводле надзвычайных служб ЗША, у панядзелак дасягнуў хуткасці ветру ў 290 кіламетраў у гадзіну і «яшчэ больш узмацніцца пры ўдары па Фларыдзе ў сераду». Службы папярэджваюць, што на ўзбярэжжа штата абрынуцца «разбуральныя вятры, гіганцкія хвалі вады, смяротна небяспечныя паводкі ў гарадах і вельмі моцныя дажджы».
Частка насельніцтва ўзбярэжных населеных пунктаў Фларыды тэрмінова эвакуюецца, а з-за ўрагану прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адмяніў некалькі сваіх замежных працоўных візітаў.
Бітва за час: хто першы ўсталюе гадзіннік на Месяцы?
На Захадзе распрацавалі дэтэктар, які выяўляе любыя ядзерныя аб'екты на адлегласці да 442 кіламетраў