«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі
«Наша Ніва» знайшла інтрыгоўныя факты ў чатах эмігрантаў, прысвечаных пошукам працы і бытавым пытанням. Прычым не толькі ў чатах беларускай дыяспары.
09.10.2024 / 19:10
Беларуская эміграцыя стала галоўным аб'ектам увагі лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Ілюстрацыйнае фота Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
22 сакавіка 2024 года ў розных бытавых чатах беларускай дыяспары за мяжою з'явіліся аднатыпныя паведамленні.
Паведамленні ў чатах беларускай дыяспары
Нехта «Сяргей» пісаў, што трэба людзі для разавай падпрацоўкі. Занятасць дзве гадзіны, а аплата па выніку.
За два дні, 24 сакавіка, мелі адбыцца акцыі з нагоды Дня Волі: марш у Варшаве і навуковы сімпозіум беларусаў у Лондане. «Сяргей» прапаноўваў людзям лёгкія грошы: паздымаць гэтыя акцыі і даслаць відэа (пад разовай падпрацоўкай меліся на ўвазе гэтыя заданні).
Па той жа схеме шукалі людзей, гатовых сачыць за беларусамі ў Вільні.
Акаўнт у тэлеграме, падпісаны як «Сяргей», месцамі ён фігуруе таксама як «Сяргей Пятроў», мае ID 5988969326 і безаблічны нік @gfst1297.
Гэты «Сяргей» усюдыісны. Як той фігара, які і тут, і там, ён уступіў ва ўсе магчымыя чаты беларусаў свету — нават тайландскі. Прычым ён актывізуе сваю працу: у вялікую колькасць чатаў увайшоў за апошнія дні.
Чаты, у якіх прысутнічае «Сяргей»
Што «Сяргей» пісаў у чаты дыяспараў? Амаль нічога. Толькі рэпосціў допіс пра тое, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць Народных амбасадаў Беларусі за мяжой — інфармацыю, якая запалохвае і адстрашвае ад актыўнасці.
Публікацыя, якую пакінуў «Сяргей» у чаце беларусаў Нідэрландаў
«Сяргей» такі не адзін. Падобныя прыкметы мае і дагэтуль актыўны акаўнт з ID 6868032872 і іменем карыстальніка alex060580. Гэты працуе выключна на беларускай тэме ў Літве.
Менавіта з яго журналісту «Нашай Нівы» прапаноўвалі намаляваць графіці ў Вільні ды сфатаграфаваць паркоўку Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы. А чарговых аматараў падзарабіць ён шукаў, напрыклад, акурат напярэдадні нападу на беларускую краму Kropka.
Паведамленні пра пошук працы ў чатах эмігрантаў у Літве за 23 ліпеня. Напад на беларускую краму Kropka ў Вільні адбудзецца ў ноч з 27 на 28 ліпеня
«Алекс» alex060580 пасецца пераважна ў чатах з пошукам працы. Цяпер ён не дае заданняў адразу, а прапануе спачатку сфоткацца на фоне Вільні і даслаць фота ў ТГ. Але працу ён усё яшчэ прапануе.
Калі вы сутыкаліся з такімі абвесткамі, назіралі цікавыя факты ці ведаеце больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.
Мы ж на сёння бачым, як лукашэнкаўскія спецслужбы працуюць прынамсі двума метадамі — пошукам людзей непасрэдна праз сваіх супрацоўнікаў ды пошукам людзей праз ценявыя «біржы працы». Мы маем зафіксаваныя факты, што з акаўнтаў, з якіх шукалі людзей для спецаперацый у Вільні, працавалі і па нелегальнай міграцыі ды нелегальным бізнэсе ў краінах за межамі Еўрасаюза.
Калі вам важная праца, якую робяць журналісты «Нашай Нівы», падтрымайце нас данатам праз «Патрэон».
{POLL#1250}
На ўездзе ў Вільню намалявалі надпіс «Вільня наша» з бчб-сцягам. Вось як замаўляюць такія графіці