Колькі гадоў жыцця можна выйграць, калі кінуць курыць? Разлікі навукоўцаў

Нават калі вы кінеце курыць у 75 гадоў, вы зможаце падоўжыць працягласць жыцця.

13.10.2024 / 17:53

Амерыканскія навукоўцы прааналізавалі ўплыў курэння на працягласць жыцця, каб вызначыць станоўчы эфект адмовы ад гэтай звычкі для людзей ва ўзросце ад 35 да 75 гадоў. Вынікі былі апублікаваныя ў American Journal of Preventive Medicine.

Каб вылічыць, колькі гадоў жыцця губляюць курцы і колькі набываюць тыя, хто кінуў курэнне ў розных узростах, навукоўцы выкарысталі даныя па смяротнасці і распаўсюджанасці курэння ў ЗША за 2018 год. Яны параўналі працягласць жыцця людзей, якія кураць, кінулі курыць і ніколі не кураць.

Даследчыкі стварылі так званыя «табліцы жыцця», выкарыстоўваючы матэматычныя разлікі, заснаваныя на рызыках смяротнасці для розных узростаў. Гэта дазволіла падлічыць, колькі гадоў жыцця чалавек губляе ці набывае ў залежнасці ад таго, працягвае ён курыць ці кінуў у канкрэтным узросце.

Нават у сталым узросце можна павялічыць працягласць жыцця. Напрыклад, чалавек, які кінуў курыць у 65 гадоў, можа дадаць у сярэднім 1,7 года, а ў 75 гадоў — 0,7 года. Пры гэтым амаль у кожнага сёмага (14,2%) 75-гадовага чалавека ёсць шанец набыць як мінімум дадатковы год жыцця.

Вынікі паказалі, што амаль кожны дзясяты чалавек, які кінуў курыць ва ўзросце 65 гадоў, можа набыць мінімум 8 дадатковых гадоў жыцця, а кожны дванаццаты (8%) чалавек, які кінуў курыць у 75 гадоў, можа набыць 4 гады.

Такім чынам адмова ад курэння на любым этапе жыцця прыносіць істотныя перавагі і дапамагае палепшыць якасць жыцця, зніжаючы рызыкі цяжкіх захворванняў.

Новая Зеландыя забароніць моладзі купляць цыгарэты — на ўсё жыццё

У Канадзе знайшлі новы метад барацьбы з курцамі 

Электронныя цыгарэты паскараюць старэнне сасудаў, высветлілі навукоўцы

У Ганконгу прапанавалі няўхвальна пазіраць на курцоў

Nashaniva.com