Валанцёра «Нямцова моста» ў Расіі прысудзілі да 12 гадоў калоніі

Абвінавачванне запытвала 16 гадоў. Суд палічыў змякчальнай акалічнасцю станоўчую характарыстыку па месцы працы і жонку з інваліднасцю.

09.10.2024 / 14:59

2-гі Заходні акруговы вайсковы суд прысудзіў да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму маскоўскага актывіста Яўгена Мішчанку паводле справы аб удзеле ў легіёне «Свабода Расіі» (забаронены ў Расіі як тэрарыстычная арганізацыя), піша Бі-бі-сі.

Абвінавачванне запытвала 16 гадоў калоніі. Суд палічыў змякчальнай акалічнасцю станоўчую характарыстыку па месцы працы і жонку з інваліднасцю.

Паводле версіі следства, актывіст «Нямцова моста» (стыхійны мемарыял памяці Барыса Нямцова) звязаўся ў тэлеграме з неўстаноўленай асобай і паведаміў, што хоча ўступіць у легіён «Свабода Расіі». Акрамя таго, Мішчанка прапанаваў свой участак у вёсцы ў Смаленскай вобласці для размяшчэння пускавых ракетных установак.

Следства сцвярджае, што Мішчанка таксама збіраў інфармацыю аб расійскіх вайсковых аб'ектах і ездзіў на вайсковы аэрадром у Кубінцы, адпраўляючы відэа «куратару».

Абвінавачанне даводзіла віну Мішчанку запісамі размоваў з паліцэйскім, які выдаваў сябе за яшчэ аднаго валанцёра «Нямцова моста».

Мішчанка прызнаў фактычныя абставіны справы, але не прызнаў віну. Ён назваў крымінальную справу палітычна матываванай і заяўляў, што «доказы здабытыя супрацьзаконным шляхам, а абвінавачванне носіць меркаваны характар».

Nashaniva.com