Пасля працяглага росту ў Беларусі прыкметна знізіўся попыт на нерухомасць. Чаму так адбываецца?

Цягам года попыт на кватэры ў Мінску біў рэкорды. Але з прыходам восені трэнд пераламаўся.

11.10.2024 / 08:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Попыт пайшоў уніз

У верасні колькасць здзелак на рынку сталічнай нерухомасці даволі рэзка ўпала. Калі ў жніўні было прададзена 1982 кватэры, то ў мінулым месяцы — 1616 (-18%). Гэта найгоршы паказчык за 2024 год, калі не браць пад увагу студзень, калі попыт на нерухомасць традыцыйна знаходзіцца на нізкім узроўні.

Продажы ў верасні 2024-га таксама на 7% меншыя, чым у верасні 2023 года, калі адбылося 1739 здзелак.

З-за спаду аб'ёмаў продажаў крыху знізіўся сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы — мінус 0,3% па выніках рэальных здзелак. Пры гэтым цэны ў аб'явах па інерцыі працягнулі расці — плюс 1,3%.

Чаму так адбываецца?

Экспертка BEROC Анастасія Лузгіна называе дзве асноўныя прычыны, па якіх попыт на жыллё ў верасні істотна скараціўся.

«Па-першае, крэдыты сталі даражэйшымі. Па-другое, змяніліся правілы выдачы льготных крэдытаў (пад 12,5%). Нядаўна з'явілася прывязка да месца рэгістрацыі. Цяпер нельга стаяць у чарзе, напрыклад, у Калінкавічах, а нерухомасць набываць у Мінску», — тлумачыць эканамістка.

Агенцтвы нерухомасці адзначаюць, што доля пакупнікоў з крэдытамі пасля гэтых змен ужо паспела знізіцца з 40% да 35%. Пры гэтым, падкрэсліваюць, рынак у поўнай меры адчуе гэтыя наступствы толькі па выніках кастрычніка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Сярод іншых прычын зніжэння попыту на кватэры эканамістка называе насычэнне адкладзенага попыту.

«За 2022-гі і пачатак 2023 года накапіліся адкладзеныя патрэбы, якія маглі паўплываць на цяперашні попыт, а калі яны насыціліся, продажы пачалі зніжацца», — лічыць экспертка.

Чаго чакаць далей?

Што тычыцца бліжэйшых перспектыў, то, на думку Лузгіной, попыт на нерухомасць можа працягнуць падаць.

«Па выніках жніўня сярэдняя зарплата не вырасла, як у папярэднія перыяды, а наадварот, знізілася на 14 рублёў. Калі гэтыя тэндэнцыі захаваюцца, то больш высокія стаўкі па крэдытах і запаволенне росту даходаў насельніцтва могуць аказваць ахаладжальны ўплыў на рынак жылой нерухомасці», — лічыць эканамістка.

Дэпутат: «Кошт квадратнага метра не павінен перавышаць сярэднямесячнага заробку». Наколькі гэта рэальна?

У Вільне здаюць кватэру плошчай усяго 11 м². Вось як гэта выглядае

Nashaniva.com