Адвакат нямецкага дэпутата Дорнау пацвердзіў, што на ягоным беларускім прадпрыемстве выкарыстоўвалі працу зняволеных

Адвакат Роланд Ульбрых, які прадстаўляе інтарэсы саксонскага дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрга Дорнау, пацвердзіў, што да работ на ягонай фірме «Цыбулька-Бел» пад Лідай прыцягвалі зняволеных з беларускіх турмаў, піша Deutsche Welle.

09.10.2024 / 20:14

Акцыя пратэсту супраць бізнэсу дэпутата Ёрга Дорнау, якую правялі ў Лейпцыгу 

Па словах Ульбрыха, яму вядомы змест працоўных дамоў, заключаных у Беларусі. Але адвакат сцвярджае, што словы пра тое, нібыта зняволеныя не былі забяспечаныя ежай, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Акрамя таго, па словах Ульбрыха, Ёргу Дорнау нібыта не былі вядомыя абвінавачванні, па якіх зняволеных асуджалі на адміністрацыйны арышт у Беларусі.

Раней пракуратура федэральнай зямлі Саксонія пачала папярэдняе расследаванне ў дачыненні да сябра правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёрга Дорнау. Яго падазраюць у тым, што на цыбульных палях, якія належаць яму ў Беларусі, выкарыстоўвалася праца зняволеных.

Гэта адбылося пасля публікацыі беларускіх журналістаў пра тое, што да працы фірмы «Цыбулька-Бел», якая часткова належыць Дорнау, прыцягваюць адміністрацыйна асуджаных, у тым ліку па палітычных матывах.

«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»

Можа «ўскрыць раны нацызму» — што гавораць нямецкія дэпутаты пра бізнэс іх калегі ў Лідзе, дзе працуюць палітвязні

Дэпутат нямецкай ультраправай партыі некалькі разоў таемна сустракаўся з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі

Дэпутату ад «Альтэрнатывы для Германіі» пагражае вялікі штраф. Ён утаіў свой бізнэс у Беларусі

Nashaniva.com