«Гродна Азот» пастаўляў свае ўгнаенні ва Украіну як нібыта туркменскія

Беларускі вытворца мінеральных угнаенняў «Гродна Азот» пастаўляў прадукцыю ва Украіну пад выглядам вырабленай у Туркменістане праз кампанію, зарэгістраваную ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах грамадзянамі Турцыі. Гэта адбывалася насуперак санкцыям, уведзеным Украінай і Еўрасаюзам супраць беларускага прамысловага гіганта, піша «Радыё Свабода».

09.10.2024 / 21:40

Фота: ААТ «Гродна Азот»

Як вынікае з судовага рашэння Шаўчэнкаўскага раённага суда Кіева, якое мае ў сваім распараджэнні «Радыё Свабода», следчыя раскрылі гэтую схему падчас расследавання крымінальнай справы супраць украінскай кампаніі «Оскар Оптіма», якая займалася пастаўкамі і рэалізацыяй ва Украіне беларускіх мінеральных угнаенняў.

Як адзначаецца ў дакуменце, «Гродна Азот» чыгункай адпраўляў сваю прадукцыю ў порт расійскага горада Растова-на-Доне, адкуль яе перапраўлялі ў порт горада Бургаса (Балгарыя). Там угнаенні расфасоўвалі ў мяшкі, а потым перавозілі ў порт горада Русэ на рацэ Дунай, таксама ў Балгарыі. А ўжо адтуль на караблях гродзенскія ўгнаенні перавозілі ў Ізмаільскі марскі порт, дзе мытнае афармленне праводзілі на падставе сертыфікатаў аб паходжанні прадукцыі з Туркменістана, прадпрыемствы якога ўвогуле не вырабляюць такі від угнаенняў.

З дапамогай сэрвісу ImportGenius, які паказвае глабальныя гандлёвыя дакументы аб імпарце/экспарце ад Мытнай службы ЗША, журналісты «Радыё Свабода» знайшлі адну з такіх паставак, зробленых у красавіку 2023 года.

Дубайская кампанія Agro chain general trading LLC пастаўляла мінеральныя ўгнаенні, быццам бы з Туркменістана, ва Украіну на суму 1,1 мільёна даляраў. Імпарцёрам пазначаная ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма».

У той жа час кошт гэтага кантракта не супадае з фінансавымі вынікамі ўкраінскай кампаніі-атрымальніка, якія яна перадала кантрольным органам.

Украінскія следчыя высветлілі назвы ўсіх сухагрузаў, на якіх беларускія ўгнаенні перавозілі з Балгарыі — White Star, Marina, Dobrich, Danimex 3, Leda, Paul P.

Усяго такім чынам ва Украіну вясной 2023 года завезлі 4900 тон прадукцыі. Угнаенні з першых чатырох суднаў паспелі перавезці ў горад Дняпро і частку нават рэалізаваць.

Яшчэ 4506 тон мінеральных угнаенняў у вадкім выглядзе ў сярэдзіне красавіка 2023 года ў Ізмаільскі порт даставілі тры баржы — «627», «490», «DDS-1». Іх загрузілі беларускай прадукцыяй у порце Канстанца (Румынія), адкуль везлі ва Украіну.

У ходзе расследавання выявілі, што сертыфікаты паходжання прадукцыі былі падробленыя. У тэлефоне аднаго з прадстаўнікоў украінскай кампаніі знайшлі перапіску з грамадзянамі Турцыі, якія з'яўляюцца кіраўнікамі дубайскай кампаніі Agro Chain general trading LLC. Дзякуючы гэтай перапісцы ўдалося пацвердзіць, што першыя партыі мінеральных угнаенняў пастаўляліся з Растова, а фактычным адпраўніком і вытворцам грануляванага карбаміду з'яўляецца ААТ «Гродна Азот».

Пазней у Інстытуце судовых экспертыз Украіны пацвердзілі, што ўгнаенні, якія пастаўляла ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма», цалкам адпавядаюць узорам прадукцыі, вырабленай у Гродне.

«Гродна Азот» расказаў, як змяніў стратэгію продажаў з-за санкцый

Грошы на мадэрнізацыю «Гродна Азота» дасць Расія

Сім-карты толькі ад МТС і ніякага мабільнага інтэрнэту. На «Гродна Азоце» забараняюць смартфоны

«Учора быў шухер». Што адбываецца на «Гродна Азоце» пасля атакі «Кіберпартызанаў»

Nashaniva.com