Пісьменніца Лілі Эберт, якая выжыла ў Асвенціме, памерла ва ўзросце 100 гадоў

Лілі Эберт стала адной з заснавальніц Цэнтра выжылых ахвяр Халакосту ў Вялікабрытаніі.

10.10.2024 / 07:53

Фота: Wikimedia Commons

Пісьменніца Лілі Эберт, якая перажыла Халакост, памерла на 101-м годзе жыцця ў Вялікабрытаніі, паведамляе газета Daily Mail.

 Адзначаецца, што Лілі Эберт стала адной з заснавальніц Цэнтра выжылых ахвяр Халакосту ў Вялікабрытаніі. У прыватнасці, яна выпусціла кнігу «Абяцанне Лілі: як я выжыла ў Асвенціме і знайшла ў сабе сілы жыць далей». Разам са сваім унукам Эберт вяла акаўнт у тыктоку, на які было падпісана два мільёны карыстальнікаў.

Лілі Эберт нарадзілася ў Венгрыі 23 снежня 1923 года. Яна была старэйшай дачкой у яўрэйскай сям'і, дзе было яшчэ пяцёра дзяцей. У сакавіку 1944 года ў Венгрыю ўварваліся нацысты. Дваццацігадовую Лілі разам з маці, малодшым братам і трыма сёстрамі дэпартавалі ў лагер смерці «Асвенцім-Біркенаў».

Уцячы ад газавай камеры змаглі толькі яна і дзве сястры, паколькі нацысты палічылі іх прыдатнымі для працы ў лагеры, які быў вызвалены саюзнымі войскамі ў 1945 годзе. З 1967 года Лілі Эберт жыла ў Лондане. Яна вядомая сваімі мемуарамі, відэаролікамі ў сацсетках і выступамі ў СМІ пра перажытае ў Асвенціме.

Nashaniva.com