Колькасць загінулых у выніку ўдару па Адэсе ўзрасла да сямі

У бальніцы памёр яшчэ адзін чалавек, пацярпелы падчас удару па порце ў Адэскай вобласці, які быў нанесены ўвечары ў сераду, паведаміў кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер. Такім чынам, агульная колькасць загінулых у выніку абстрэлу дасягнула сямі, піша Бі-бі-сі.

10.10.2024 / 11:16

Па словах Кіпера, апошняму загінуламу было 46 гадоў, і ён быў супрацоўнікам порта.

Украінскія ўлады паведамілі, што расійская армія нанесла ракетны ўдар па Адэскай вобласці, мішэнню якога была партовая інфраструктура. Паводле ўкраінскага віцэ-прэм'ера Аляксея Кулебы, падчас атакі было пашкоджана грамадзянскае судна пад сцягам Панамы — кантэйнеравоз «Shui Spirit».

Кулеба сказаў, што гэта ўжо трэцяе замежнае судна, якое падверглася атацы расійскіх войскаў за апошнія чатыры дні.

Усе пацярпелыя — грамадзяне Украіны.

Nashaniva.com