Кнігу палітвязня Максіма Знака «Зэкамерон» збіраюцца агучыць

Аўдыявыдавецтва audiobooks.by і Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» адкрылі збор на стварэнне аўдыяверсіі кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». 

10.10.2024 / 12:37

Адвакат і палітвязень Максім Знак. Фота: «Наша Ніва»

«Зэкамерон. Вершы. Гутаркі» — гэта апошняе дапоўненае выданне кнігі палітвязня і адваката Максіма Знака на беларускай мове (выдавецтва «Полацкія лабірынты»).

Тэксты гэтага зборніка ствараліся ў першы год утрымання Максіма Знака ў СІЗА, калі творчая дзейнасць за кратамі і перадача рукапісаў яшчэ былі магчымыя. Частка твораў у апошнім выданні была апублікаваная ўпершыню. 

Праект стварэння аўдыяверсіі апошняга выдання кнігі па-беларуску — гэта супольная праца аўдыявыдавецтва audiobooks.by і Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Сёлета акторы Сяргей Чуб і Алег Гарбуз разам з музыкам Уладзімірам Пугачам і рэжысёрам Войтэкам Урбаньскім прэзентавалі спектакль паводле кнігі палітвязня Максіма Знака. 

Кнігу Знака агучаць як аўдыяспектакль, галасамі беларускіх акцёраў і актрыс з легендарнай тэатральнай трупы нацыянальнага Купалаўскага тэатра. 

Для гэтага плануюць сабраць 4500 еўра. Сабраныя сродкі пойдуць на запіс, мантаж, музычнае аздабленне. Аўдыязапіс будзе выкладзены на ўсіх буйных платформах у бясплатным доступе.

Падтрымаць збор можна на платформе gronka.org па спасылцы. 

Nashaniva.com