Зяленскі гатовы да спынення агню — СМІ

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню падаў сігнал, што ён гатовы да спынення агню па цяперашніх лініях фронту. Як паведамляе італьянская газета Corriere della Sera, у абмен на гэта Зяленскі патрабуе «гарантый бяспекі ад Злучаных Штатаў — па ўзоры тых, што амерыканцы далі Японіі, Паўднёвай Карэі і Філіпінам».

10.10.2024 / 12:58

Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Акрамя таго, з Рыма, Парыжа і Берліна — еўрапейскіх сталіц, якія Зяленскі наведае сёння і заўтра — ён спадзяецца атрымаць запэўненні ў хуткім уступленні Украіны ў Еўрапейскі Саюз. У прыватнасці, у Рыме Зяленскі мае намер сустрэцца з Папам Рымскім, а таксама з прэм'ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні, піша Bild.

«У кастрычніку, лістападзе і снежні ў нас ёсць рэальны шанец прасунуць сітуацыю да міру і трывалай стабільнасці. Сітуацыя на фронце дае магчымасць для рашучых дзеянняў, каб скончыць вайну не пазней за 2025 год», — напісаў Зяленскі напярэдадні.

Тым не менш, у цяперашні час ваенныя аналітыкі крытычна ацэньваюць становішча Узброеных сіл Украіны на фронце на ўсходзе краіны. Кіеў ужо даўно просіць у Захаду зброю далёкага радыусу дзеяння, але Джо Байдэн, як і Олаф Шольц, па-ранейшаму вагаюцца ў гэтым пытанні, баючыся далейшай эскалацыі.

Nashaniva.com