Абвінавачаныя ў нападзе на Леаніда Волкава могуць выйсці пад заклад

Суд у Польшчы вырашыў, што двое абвінавачаных у нападзе на Леаніда Волкава могуць быць вызваленыя з-пад варты, калі ўнясуць заклад. Пра гэта агенцтву Reuters паведаміў адвакат аднаго з абвінавачаных.

10.10.2024 / 14:31

Леанід Волкаў. Фота: AP Photo / Jean-Francois Badias

«Кожны павінен будзе на працягу тыдня заплаціць па 50 тысяч злотых (12 700 даляраў). Калі яны заплацяць, то будуць адпушчаныя, калі не заплацяць — не будуць», — сказаў абаронца.

Напад на Леаніда Волкава быў здзейснены 12 сакавіка ў Вільні. У красавіку двое падазраваных у нападзе былі затрыманыя ў Польшчы. У чэрвені суд адмовіўся экстрадаваць іх у Літву, бо супраць іх ідзе шырокамаштабнае расследаванне польскімі пракурорамі, нагадвае Бі-бі-сі.

У канцы верасня ў Польшчы таксама быў затрыманы расіянін Анатоль Бліноў, якога саюзнікі Аляксея Навальнага называлі арганізатарам нападу на Волкава. Замоўнікам злачынства каманда Навальнага лічыць былога суўладальніка ЮКАСа Леаніда Неўзліна.

Неўзлін адмаўляе датычнасць «да якіх бы то ні было нападаў на людзей».

Nashaniva.com