Жыхар Камянецкага раёна здаў чужое аўто на металалом

Пра незвычайную гісторыю расказаў Следчы камітэт.

11.10.2024 / 10:33

У лістападзе 2022 года да 55-гадовага жыхара Жабінкаўскага раёна па аб'яве аб продажы легкавога аўтамабіля Peugeot прыехалі патэнцыйныя пакупнікі. Пасля абмеркавання дэталяў угоды мужчыны дамовіліся. Прадаўца перадаў ключы і дакументы 21-гадоваму жыхару Камянецкага раёна, які ў якасці задатку пакінуў 100 рублёў.

Малады чалавек папрасіў свайго прыяцеля, 33-гадовага жыхара Гродзенскага раёна, напісаць распіску аб абавязку наступнай аплаты 2,5 тысячы рублёў на працягу месяца, настойваючы, каб той указаў свае асабістыя даныя.

У той жа дзень мужчыны адправіліся ў Кобрынскі раён, дзе малады чалавек здаў аўтамабіль на металалом за сімвалічную суму. З прадаўцом машыны ён так і не разлічыўся, перастаў адказваць на тэлефонныя званкі і не выходзіў на сувязь.

Пацярпелы застаўся без грошай і транспарту, але з распіскай, у якой былі ўказаны асабістыя дадзеныя толькі аднаго з мужчын. Праз год падмануты жыхар Жабінкаўскага раёна звярнуўся ў міліцыю.

Было ўстаноўлена, што 33-гадовы жыхар Гродзенскага раёна, які пісаў распіску, затрыманы ў Расіі за правапарушэнні. Пасля дэпартацыі ў Беларусь ён паведаміў, што да махлярства адносін не мае, а распіску ад свайго імя напісаў па глупстве, чым сам сябе падставіў. Ён паказаў на маладога чалавека, які здабыў аўтамабіль і прысвоіў грошы.

Высветлілася, што той ужо адбывае пакаранне за здзяйсненне аналагічных махлярстваў, звязаных з авалоданнем аўтамабілямі.

Спачатку фігурант адмаўляў віну. Правялі шэраг следчых дзеянняў, уключаючы вочныя стаўкі са сведкамі. У выніку ён прызнаў віну і кампенсаваў шкоду пацярпеламу.

Яму прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 209 («Махлярства, здзейсненае паўторна») Крымінальнага кодэкса. Хлопца прыгаварылі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Nashaniva.com