«Гнілаж і размандыкванне». Чалы тлумачыць, як Лукашэнка прыдумаў ідэальную праграму працы на будучыню

Эканаміст Сяргей Чалы звярнуў увагу на даручэнні, якія дае Лукашэнка і яго праграму развіцця Палесся.

11.10.2024 / 14:58

Скрын відэа: Belarus_Files / YouTube

Планы адрадзіць Палессе

У новым выпуску праграмы «Чалы: Эканоміка» аналітык звярнуў увагу на адзін з тэзісаў, які агучыў Лукашэнка падчас паездкі ў Пінскі раён — «Зноў будзем адраджаць Палессе».

«Рэч у тым, што ён у 2021 годзе ўжо наведваў гэтыя месцы і абяцаў адрадзіць Палессе. Але як адрадзіць? Адным з аргументаў гэтага адраджэння быў «Белкалій», які якраз там запускаў новы руднік», — тлумачыць Чалы.

Падчас паездкі Лукашэнкі ў 2021-м у Петрыкаўскі раён ён казаў гендырэктару «Белкалія»:

«Давайце дамовімся, што першыя два гады хоць бы паўмільёна даляраў у год [трэба накіроўваць на падтрымку Палесся]. Ну, а трэці, чацвёрты, пяты па мільёне ім тут трэба даваць.

(…) Я хачу, каб петрыкаўцы разумелі: гэта сабрана з усёй краіны».

Такім чынам, падагульняе Чалы, каб падтрымаць адных, давялося забраць у іншых. І такі падыход не зможа выправіць сітуацыю ў эканоміцы:

«Калі ў маштабах усёй краіны забіраць і ў маштабах усёй краіны аддаваць, то нічога не зменіцца. Будзе роўна тое, што і было. Пераразмеркаваннем новае не ствараецца».

«Гнілаж і размандыкванне»

Сяргей Чалы звяртае ўвагу, што Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Пінскі раён ужыў некалькі прыдуманых слоў. Напрыклад, заявіў, што «гнілаж» не патрэбны, а патрэбны нармальныя кармы.

«Не хочацца сказаць «гнільё», хочацца неяк па-замежнаму вымавіць. «Гнілаж», як грыльяж», — кажа Чалы.

Іншае слоўца — «размандыкваць». «Мне патрэбна, як павінна быць. Колькі мы будзем размандыкваць па гэтых пытаннях?» — чыхвосціў Лукашэнка чыноўнікаў.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведання ААТ «Парахонскае». Фота: pul_1 / Telegram

Чалы заўважае, што ў адрозненне ад слова «гнілаж», якое Лукашэнка ўжыў першы раз, другі неалагізм ён выкарыстаў яшчэ вясной 2010 года, калі праводзіў нараду па асобных пытаннях развіцця народна-гаспадарчага комплексу.

«Чым добрая барацьба з гнілажом і размандыкваннем? Я не жартую і не збіраюся з гэтага здзекавацца. Калі вы ў якасці галоўнага ворага і галоўнай кампаніі па барацьбе называеце «размандыкванне», гэта насамрэч ідэальная чыноўніцкая рэч. Таму што ніхто не ведае, што гэта такое. Ты даручаеш сваім чыноўнікам вырашыць пытанне з размандыкваннем і гнілажом. Асабліва не тлумачачы, што гэта такое.

Яны кажуць: «Окей. Мы нават ведаем, як з гэтым змагацца». Мы правядзём месячнік па барацьбе з размандыкваннем. Прэса будзе расказваць пра тое, як размандыкванне за год зменшылася на 10 працэнтаў у выніку гэтай паспяховай барацьбы».

На погляд Чалага, барацьба з «размандыкваннем» — ідэальная бюракратычная штука.

«Ёсць базавы прынцып любога кіравання, які гучыць «You can't manage what you can't measure». Ты можаш кіраваць толькі тым, што можна вымераць. Паколькі «размандыкванне» цалкам ідэальнае ў тым сэнсе, што яно не толькі невызначальнае, але і невымяральнае, гэта азначае, што барацьба з ім можа быць абсалютна гераічнай і, напэўна, нават скончыцца перамогай»,

— тлумачыць эксперт.

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі трэба паставіць помнік карове

Раней Беларусі прарочылі вобраз «вялікай Малдовы». А куды рухаемся цяпер?

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага

Nashaniva.com