Польшча ўскладняе візавыя правілы пасля карупцыйнага скандалу. Гэта датычыць і гуманітарных візаў

Польшча ўзмацняе правілы для выдачы візаў, больш не будзе непразрыстых спосабаў паскарэння працэсу атрымання іх у будучыні, заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі.

11.10.2024 / 11:16

Раней прыпынілі праграму Poland Business Harbour, якая галоўным чынам была накіраваная на самазанятых асоб у ІТ-сэктары зь Беларусі.

Правілы для выдачы візаў з гуманітарных прычынаў таксама пераглядаюцца, цытуе міністра замежных спраў Польшчы Радыё Свабода.

Міністар заявіў, што гэтым крокам краіна падводзіць рысу пад карупцыйнай практыкай у выдачы візаў, якая існавала пры папярэднім урадзе кансэрватыўнай нацыяналістычнай партыі «Права і справядлівасьць» (PiS), што кіравала краінай з 2015-га па 2023 год.

Справаздача Вышэйшай кантрольнай палаты (ВКП), апублікаваная ў чацьвер, пацьвердзіла паведамленьні ў СМІ, якія зьявіліся мінулай восеньню, што польскія консульствы падчас кіраваньня PiS у Азіі і Афрыцы выдавалі візы ў абмен на вялікія сумы.

Так, падчас праверкі ВКП выявіла амаль 50 парушэньняў, якія датычацца мэханізму выдачы візаў падчас знаходжаньня ва ўладзе ў краіне кааліцыі правых сіл (2018—2023), паведаміў Радослаў Сікорскі.

Вынікі аўдыту паказалі, што «зь лістапада 2022-га па травень 2023 году існаваў непразрысты і карупцыйны мэханізм у Міністэрстве замежных спраў, які ўплываў на некаторых польскіх консулаў, каб паскорыць апрацоўку заяў на візы», гаворыцца ў справаздачы Вышэйшай кантрольнай палаты.

Згодна з прадстаўленай інфармацыяй, прыватныя пасярэдніцкія фірмы незаконна ўдзельнічалі ў атрыманьні візаў. Паведамляецца, што адна з гэтых фірмаў дапамагла ў атрыманьні 4250 візаў з студзеня 2018-га па сакавік 2024 года. Паводле справаздачы, яна брала з заяўнікаў да 7 тысяч эўра ($7645) за свае паслугі.

Гэта практыка даваньня дазволаў на ўезд рэзка супярэчыла антыімігранцкай і антызамежнай рыторыцы ўраду PiS. У жніўні 2023 году тагачасны намесьнік міністра замежных спраў Пётар Ваўжык быў звольнены. Паводле паведамленняў польскіх СМІ, ён лічыўся галоўным арганізатарам гэтай сыстэмы. У студзені Ваўжык быў арыштаваны. Супраць яго вядзецца расьсьледаваньне праз падазрэньне ў карупцыі.

Nashaniva.com