Выпускніка не прынялі на размеркаванне. Зараз ён вінны больш за 20 000 рублёў

Чаму так атрымалася?

11.10.2024 / 13:58

Ілюстрацыйнае фота

Выпускніка не прынялі на працу па размеркаванні па незалежных ад яго прычынах — у выніку ён павінен пакрыць кошт сваёй вучобы і заплаціць 20 000 рублёў. Як так атрымалася, піша Onliner.by.

Выпускнік скончыў каледж у ліпені 2023 года, яго размеркавалі на прадпрыемства ў адпаведнасці са спецыяльнасцю. Як адзначаюць у пракуратуры, па незалежных ад выпускніка прычынах на працу яго не прынялі. Далей каледж выслаў яму апавяшчэнне, што трэба з'явіцца для пераразмеркавання, але да лютага 2024 года малады чалавек гэтага не зрабіў.

Далей было пісьмовае паведамленне, што яму трэба добраахвотна пакрыць сродкі, затрачаныя на яго навучанне. У шасцімесячны тэрмін малады спецыяліст не звярнуўся ў каледж з такой заявай, не кампенсаваў выдаткі і не прынёс дакументы, якія пацвярджаюць права на вызваленне ад гэтага пакрыцця.

Суд вырашыў спагнаць з выпускніка выдаткі, затрачаныя на яго навучанне, у памеры звыш 20 000 рублёў, а таксама дзяржпошліну.

Рашэнне суда не ўступіла ў сілу, можа быць абскарджана і апратэставана.

Nashaniva.com