Галоўчанка паабяцаў стварыць музей на гарадзішчы на Менцы

На гарадзішчы, размешчаным пад Мінскам на рацэ Менка, будзе створаны музей, заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас наведання месца раскопак. Паводле ягоных слоў, праца над музеем пачнецца яшчэ да завяршэння работ.

11.10.2024 / 16:35

Раман Галоўчанка. Скрыншот з відэа

«Радуе, што раскопкі, якія актыўна ідуць ужо два гады і плануецца падаўжаць на трэці год, а менавіта актыўна, масава з прыцягненнем грамадскасці, студэнтаў і гэтак далей. Яны пацвердзілі ўсе першапачатковыя выкладкі, што сапраўды комплекс унікальны для ўсходнееўрапейскага рэгіёну.

Сапраўды, тут было паселішча высокага статусу, у поўным разуменні таго часу горад з адпаведнай уладай, узброенымі сіламі ў выглядзе дружыны, гандлёвым паселішчам і гэтак далей. Таму мы гаворым пра тое, што гэта паўнавартасны горад XI стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, які, як вы правільна сказалі, абсалютна супастаўны з усімі вядомымі гарадскімі цэнтрамі таго часу», — сказаў ён.

Галоўчанка лічыць, што аб'ект трэба ўцягнуць у турыстычны абарот.

«Ён абсалютна заслужана павінен быць музеефікаваны і ўключаны ў, калі можна так сказаць, турыстычны абарот, гэта значыць павінен быў стаць адным з тых месцаў, якія прыцягваюць турыстычныя патокі як нашых грамадзян, так і нашых замежных гасцей. Таму даручэнні на гэты конт усе дадзеныя.

Цяпер трэба скончыць навуковую частку працы. Але мы вырашылі, што канчаткова не будзем так ужо ісці паслядоўна: адно спачатку, другое, потым трэцяе. Гэта расцягнецца на занадта доўгі этап.

Таму ўжо зараз адпаведныя спецыялісты пачнуць падрыхтоўку нейкіх архітэктурна-мастацкіх рашэнняў, якім чынам зрабіць так, каб, па-першае, зрабіць месца больш прывабным і не сапсаваць той каларыт, тую аўру таго выгляду, у якім гэты помнік дайшоў да нашых дзён. Гэта карпатлівая, напэўна, вельмі далікатная праца, творчая», — дадаў чыноўнік.

Ён паабяцаў таксама знайсці фінансаванне для праекта, але, па яго словах, спачатку трэба вызначыцца з тым, як будзе выглядаць музей. 

Менка ці Свіслач? Навукоўцы Акадэміі навук, здаецца, паставілі кропку ў дыскусіі, дзе зарадзіўся старажытны Менск

На раскопках на Менцы знайшлі тысячагадовы гузік з пазалотай

На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя

У раскопках на Менцы чарговая сенсацыя: знайшлі могілкі XI стагоддзя

Nashaniva.com