18 чалавекам стала млосна ад сцэн жорсткага сэксу падчас оперы ў Германіі

Частцы гледачоў у дзяржаўнай оперы Штутгарта спатрэбілася тэрміновая медыцынская дапамога з-за новага аўстрыйскага спектакля Sancta («Святая»), які суправаджаецца сцэнамі сапраўднага сэксу паміж акторкамі ў вобразе каталіцкіх манахінь з элементамі БДСМ пад хэві-мэтал і тэхна, куды для эфекту дадаюць яшчэ і кроў.

11.10.2024 / 22:32

Адна са сцэн новага аўстрыйскага спектаклю Sancta (18+). Фота: Nicole Marianna Wytyczak

У Штутгарцкай дзяржаўнай оперы новы спектакль Sancta («Святая») выклікаў моцную фізічную рэакцыю ў часткі гледачоў — 18 чалавек адчулі моцную млоснасць, некаторым спатрэбілася тэрміновая медыцынская дапамога.

Пастаноўка ўтрымлівае ў сабе сцэны сапраўднага сэксу з БДСМ-элементамі, выкананымі акторкамі ў вобразе каталіцкіх манахінь, якія падчас спектакля ў аголеным выглядзе таксама абліваюцца штучнай ці сапраўднай крывёй, мастурбуюць пад тэхна музыку, спяваюць хэві-мэтал (класічны жорсткі рок), лазяць па сценах і катаюцца на роліках. Усё гэта суправаджаецца наяўнасцю на сцэне хрысціянскай атрыбутыкі, званоў і ўкрыжаванняў, перадае выданне The Guardian.

Афіша спектакля ўтрымлівае папярэджанні аб усіх вышэйпералічаных сцэнах і пазначае, што выявы для некаторых гледачоў могуць быць траўмавальныя, заявілі прадстаўнікі дзяржоперы Штутгарта.

Фларэнціна Гольцынгер, аўтарка новага спектакля Sancta. Фота: picture alliance / Contributor Getty Images

Спектакль Sancta, у якім удзельнічаюць толькі жанчыны, быў пастаўлены ў гарадах Германіі толькі ў гэтым годзе. Яго прывезла аўстрыйская харэограф Фларэнціна Гольцынгер, якая натхнілася арыгінальнай операй 1920-х гадоў пад назвай «Святая Сусана».

«Паводле арыгінала, маладая манахіня Сусана ўзбуджаецца ад аповеду адной са старэйшых сёстраў жаночага манастыра. У парыве сэксуальнага запалу Сусана агаляецца на алтары і зрывае адзенне з фігуры Хрыста. Але, убачыўшы павука, які сімвалізуе яе грэх, спыняецца і бяжыць да іншых манахінь раскайвацца і маліць іх, каб тыя замуравалі яе жыўцом у якасці пакарання за яе бязбожны ўчынак», — піша The Guardian.

Выданне адзначае, што арыгінальны спектакль павінен быў дэбютаваць у дзяржаўнай оперы Штутгарта ў 1921 годзе, але быў пастаўлены на сцэну толькі ў 1922 годзе з-за пратэстаў з боку каталікоў і духавенства.

Цяпер пастаноўка зноў вяртаецца ў Штутгарт, але ў моцна змененым выглядзе з даданнем мноства экстрэмальных і сэксуальна разбэшчаных сцэн. Па словах аўтаркі новага спектакля Фларэнціны Гольцынгер, яе опера была створана не для насмешак над царквой, а для вывучэння паралеляў паміж кансерватыўнымі інстытутамі грамадства з аднаго боку і супольнасцямі вычварэнцаў і субкультурамі БДСМ з другога.

Нягледзячы на гэта, частка нямецкага каталіцкага духавенства моцна абурылася спектаклем Sancta. Так, Арцыбіскуп Зальцбурга Франц Лакнер заявіў нямецкім СМІ, што новая пастаноўка «сур'ёзна абражае рэлігійныя пачуцці і перакананні вернікаў».

Асноўны інстынкт па-віцебску. Хлопец ехаў па сэкс у Оршу, а заняўся ім проста на прыпынку з першай сустрэчнай

Netflix выпусціў свой «Дэкамерон», і кансерватараў ён можа шакаваць

Сэксуальны скандал вакол былога караля хіп-хопу P. Diddy

Nashaniva.com