Беларусаў вярбуюць у расійскае войска праз інстаграм

Беларусаў зазываюць у Смаленск заключыць кантракт з расійскім войскам. Журналіст «Флагштока» выявіў рэкламу найму ў расійскую армію ў стужцы навін інстаграма.

11.10.2024 / 20:53

Рэкламны пост быў паказаны акаўнту, лакалізаванаму ў Беларусі. У абмеркаванні прысутнічаюць каментары беларусаў, і гэта пацвярджае здагадку, што рэклама была таргетаваная на беларускіх карыстальнікаў Instagram.

Рэкламны пост быў размешчаны 2 кастрычніка, але пад ім дагэтуль з'яўляюцца новыя каментары. Паведамленне змяшчае спасылку на сайт, прысвечаны вярбоўцы на кантрактную службу ў расійскай арміі.

Наведвальнікам сайта прапануюць падпісаць кантракт з расійскай арміяй у Смаленску. Адрасам, па якім адбываецца падпісанне кантракту, пазначаны будынак адміністрацыі Смаленскай вобласці.

Скрыншот змесціва старонкі сайта

Стаць кантрактнікам расейскай арміі прапануецца не толькі расіянам, але і грамадзянам іншых дзяржаў. Патэнцыйным наймітам прапануецца стымуляцыйныя выплаты ад урада Смаленска і Мінабароны. Наяўнасць досведу вайсковай службы не абавязковая, дзейнічае толькі ўзроставае абмежаванне ў 65 гадоў. Вярбоўшчыкі гатовыя даць транспарт для трансферу ў Смаленск.

Старонка падрабязна расказвае пра экіпіроўку, але не гаворыць пра тэрмін дзеяння дамовы. На практыцы такія кантракты маюць бестэрміновы характар: да завяршэння вайны, сур'ёзнага ранення або смерці байца-найміта.

Пра ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны вярбоўшчыкі замоўчваюць, аднак не хаваюць, што плацяць за ўдзел у баявых дзеяннях.

Сайт належыць ТАА»Промерпэй». Фірма была зарэгістраваная ў Маскве ў ліпені 2022 года. Кампанія спецыялізуецца на пошуку і наборы персаналу для іншых арганізацый.

На асноўным дамене сайта размешчаная аналагічная старонка з вярбоўкай на службу па кантракце ў Маскве. Тут у якасці месца заключэння кантракту паказаны адрас размяшчэння ТАА «Прамерпэй» у Маскве.

Звязацца з прадстаўнікамі кампаніі праз сайт можна толькі з выкарыстаннем расійскага нумара тэлефона. Іншых лакацый пошуку наймітаў непасрэдна на сайце выявіць нельга. На «смаленскую» старонку карыстальнік можа трапіць толькі па прамой спасылцы з рэкламы.

Nashaniva.com