Захворванні на кавід у Мінску за месяц знізіліся на 17 працэнтаў

Наколькі распаўсюджаная каранавірусная інфекцыя ў сталіцы і каму неабходна ад яе прышчапляцца, расказаў «Мінск-навінам» намеснік галоўнага доктара Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Грыгорый Гецюк.

12.10.2024 / 09:02

— Каранавірус у нас па-ранейшаму цыркулюе, ён, на жаль, нікуды не знік. Але колькасць захворванняў знізілася ў параўнанні з мінулым годам. У верасні адзначаўся пэўны рост захворвання на COVID-19, але ў кастрычніку ён быў на 17 % ніжэйшы. Таму спадзяемся, што надалей сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю.

Цяпер у асноўным цыркулюе амікрон, а новыя штамы, такія як ХЕС і FLiRT, якія аб'яўляюцца ў свеце, — гэта ўсё падвіды таго ж амікрона. Я не думаю, што яны значна паўплываюць на эпідэміялагічную абстаноўку, — адзначыў Г. Гецюк.

Ён дадаў, што цяпер каранавірус аднесены да сезонных захворванняў і, як правіла, супадае з перыядам павышэння вострых рэспіраторных інфекцый. Медыцынскія ўстановы гатовыя як да дыягностыкі захворвання, так і да аказання неабходнай дапамогі. Пры гэтым у татальным ПЛР-тэсціраванні патрэбы няма.

— У нас існуюць лабараторыі, якія робяць мазкі на ПЛР-даследаванні і даюць заключэнне: ёсць каранавірус ці не. Але неабходнасць у тэсце вызначае доктар — татальнага тэсціравання не патрэбна. Цяпер штамы каранавіруса не такія патагенныя, як былі напачатку. Яны ўжо аднесены да сезонных інфекцый, маюць падобныя сімптомы з грыпам і, як правіла, праходзяць дастаткова лёгка. Хоць, вядома, цяжкія ўскладненні не выключаны ў людзей, схільных да іншых захворванняў, — падкрэсліў спецыяліст.

Акрамя таго, намеснік галоўнага ўрача парэкамендаваў мінчанам рабіць прышчэпкі ад COVID-19.

— Мы чакаем пастаўку вакцыны «Спутнік Лайт» з актуальнымі штамамі інфекцыі, якія цыркулююць цяпер. Лепш, вядома, зрабіць прышчэпку, каб засцерагчы сябе ад захворвання і цяжкіх ускладненняў. Але цяпер мы ўжо не прымушаем прышчапляцца ўсіх татальна, хоць ёсць пэўныя катэгорыі людзей, якія павінны вакцынавацца. Напрыклад, гэта людзі пажылога ўзросту ў пансіянатах для састарэлых. Мы будзем настойваць на іх вакцынацыі, каб у закрытым калектыве інфекцыя не распаўсюджвалася, — сказаў Г. Гецюк.

Разам з тым улады ўжо больш за два гады не паведамляюць пра колькасць выпадкаў захворвання.

Nashaniva.com