«Яны мяне атруцяць». Выходзіць кніга з успамінамі Аляксея Навальнага

The New Yorker, Der Spiegel, El Pais і The Times апублікавалі ўрыўкі з мемуараў Навальнага. Ён распавядае пра галадоўку ў калоніі, размову з жонкай пра магчымае атручэнне і пра ідэю кнігі «якая «стане помнікам», калі яго заб'юць.

12.10.2024 / 15:08

Дзённікі Навальны пачаў весці пасля атручвання «Навічком» у 2020 годзе, калі ён лячыўся ў Германіі і працягнуў, будучы ўжо ў зняволенні ў Расіі. Пасля смерці палітыка ў запалярнай калоніі 16 лютага 2024 года жонка Навальнага Юлія распавяла, што яе муж пісаў кнігу, і анансавала яе выхад на 22 кастрычніка.

Мемуары Навальнага выдае амерыканскае Выдавецтва Knopf. Кніга будзе апублікаваная ў ЗША першым накладам у паўмільёна асобнікаў. Некаторыя ўрыўкі таксама цытуе Медуза.

Аляксея Навальнага арыштавалі 17 студзеня 2021 года пасля таго, як вярнуўся самалётам з Берліна ў Маскву. Спачатку асудзілі на 15 сутак, а потым замянілі ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» і на рэальны і адправілі ў калонію агульнага рэжыму ў горадзе Пакроў Уладзімірскай вобласці. Там ён пачаў скардзіцца на болі ў спіне і аняменне часткі нагі, і 31 сакавіка абвясціў галадоўку, патрабуючы дапусціць да яго дактароў.

Пакуль ён галадаў, супрацоўнікі калоніі падкладвалі яму ў кішэні цукеркі, а жонка Навальнага Юлія распавядала, што ў атрад яе мужа прыносілі электраплітку і смажылі на ёй курыцу.

«Усё становіцца яшчэ больш абсурдным. Я іду на кухню, каб набраць вады, і заўважаю, што яны паставілі электрычную пліту, а сённяшні дзяжурны стаіць там з радасным выглядам і смажыць курыцу, якую потым дзеліць паміж усімі ў блоку. Я рады сказаць, што мой дух не паддаўся смажанай курыцы. Пасля курыцы яны пачалі смажыць хлеб, спецыяльна пакінуўшы дзверы на кухню адкрытай.

З хлебам складаней. Гэта мая слабасць. Запах смажанага жытняга хлеба сапраўды прыцягвае мяне. Аднак я проста засяродзіўся на гэтым і пайшоў далей. Яны думаюць, што пах ежы прымусіць мяне адмовіцца ад галадоўкі?»

22 сакавіка 2022 года выязны суд, які праходзіў проста ў калоніі, прысудзіў Навальнага да дзевяці гадоў строгага рэжыму па абвінавачванні ў асабліва буйным махлярстве і ў непавазе да суда (а таксама па сукупнасці з астатнімі пакараннямі, прызначанымі яму раней).

У гэты дзень Навальны піша, што хоча зафіксаваць свае адчуванні і падрабязна апісвае разважанні, прыёмы, якія дапамагаюць яму справіцца з гэтым, а таксама размову з жонкай падчас іх першага доўгага спаткання ў калоніі.

«Мы прайшлі па калідоры і спыніліся ў месцы, максімальна аддаленым ад камер з мікрафонамі, якія тут паўсюль.

Я прашаптаў ёй на вуха: «Слухай, не хачу драматызаваць, але думаю, ёсць высокая верагоднасць, што я ніколі адсюль не выйду.

Нават калі ўсё пачне разбурацца, яны прыбяруць мяне пры першых прыкметах таго, што рэжым развальваецца. Яны мяне атруцяць». «Я ведаю,» — сказала яна, кіўнуўшы, спакойным і цвёрдым голасам. «Я і сама пра гэта думала».

У гэты момант мне захацелася схапіць яе і абняць як мага мацней. Гэта было так цудоўна! Ніякіх слёз! Гэта быў адзін з тых момантаў, калі разумееш, што знайшоў правільнага чалавека. Ці, магчыма, гэта яна знайшла цябе.

«Давай проста вырашым для сябе, што гэта, хутчэй за ўсё, і адбудзецца. Прымем гэта як асноўны сцэнарый і будзем уладкоўваць наша жыццё, зыходзячы з гэтага. Калі ўсё складзецца лепш, гэта будзе цудоўна, але мы не будзем на гэта разлічваць або мець ілюзорныя надзеі». «Так, так і зробім.»

Як звычайна, яе голас гучаў так, быццам належаў персанажу з мульціка, але яна была зусім сур'ёзная. Яна паглядзела на мяне і зажмурылася з гэтымі вялікімі вейкамі, пасля чаго я падхапіў яе на рукі, абдымаючы ў захапленні. Дзе яшчэ я мог знайсці кагосьці, хто мог бы абмеркаваць са мной самыя складаныя пытанні без лішняй драмы і заломвання рук? Яна цалкам разумела і, як і я, спадзявалася на лепшае, але чакала і рыхтавалася да горшага.

Юля засмяялася і вызвалілася. Я пацалаваў яе ў нос і адчуў сябе нашмат лепш».

Nashaniva.com