Паўночнакарэйскія войскі ўжо на тэрыторыі Украіны — The Washington Post

Некаторыя з салдат і афіцэраў КНДР былі забітыя ўкраінскай арміяй на лініі фронту, а на тэрыторыі Расіі цяпер трэніруюцца «некалькі тысяч» паўночнакарэйскіх пехацінцаў, піша выданне The Washington Post са спасылкай на словы афіцыйных украінскіх асоб.

12.10.2024 / 19:44

Лідар КНДР Кім Чэн Ын назірае за ваеннымі вучэннямі Карэйскай народнай арміі (КНА). Фота: Korean Central News Agency/Korea News Service via AP

Паўночнакарэйскія салдаты падтрымліваюць расійскія войскі на фронце, і некаторыя з іх ужо былі забітыя і параненыя, заявілі выданню The Washington Post паўднёвакарэйскія і ўкраінскія афіцыйныя асобы. Гэта можа сведчыць пра пераход вайсковага супрацоўніцтва паміж Пхеньянам і Масквой на зусім новы ўзровень.

Андрэй Каваленка, кіраўнік украінскага Цэнтра па барацьбе з дэзынфармацыяй, які ёсць часткай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, расказаў, што КНДР ужо накіравала ва Украіну войскі, уключаючы вайсковых інжынераў, якія кантралююць выкарыстанне Расіяй паўночнакарэйскага ўзбраення на фронце, і што «некаторыя салдаты і афіцэры КНДР былі забітыя на лініі агню».

Высокапастаўлены прадстаўнік ГУР Украіны на ўмовах ананімнасці заявіў выданню, што ўкраінская разведка зафіксавала «некалькі тысяч» паўночнакарэйскіх пехацінцаў на тэрыторыі Расіі, якія цяпер праходзяць падрыхтоўку і могуць быць разгорнутыя на перадавой ва Украіне да канца гэтага года.

Пры гэтым паўночнакарэйскія салдаты і афіцэры яшчэ не ўдзельнічалі ў баях напрамую, а толькі назіралі за выкарыстаннем сваёй зброі, адзначае прадстаўнік ГУР.

Па яго словах, пакуль невядома, на якіх менавіта ўчастках фронту будуць разгорнутыя баявыя падраздзяленні КНДР, якія праходзяць падрыхтоўку ў Расіі. Масква, кажа чыноўнік ГУР, можа таксама выкарыстаць іх у памежных рэгіёнах Расіі, вызваляючы ўласныя войскі для вядзення баявых дзеянняў ва Украіне.

У сваю чаргу міністр абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хён назваў паведамленні аб тым, што паўночнакарэйскія войскі дапамагаюць расійскім, «вельмі імавернымі», дадаўшы, што Пхеньян накіруе яшчэ больш персаналу для падтрымкі вайсковых намаганняў Расіі ва Украіне, перадае The Washington Post

«У Расіі і Паўночнай Карэі ёсць пагадненне, якое фактычна з'яўляецца ваенным саюзам, таму вельмі імаверна, што Паўночная Карэя накіруе ва Украіну дадатковыя войскі. Мы назіраем за сітуацыяй і рыхтуемся да магчымых сцэнароў развіцця падзей», — пракаментаваў міністр абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хён.

Нагадаем, што першыя паведамленні пра планы КНДР накіраваць уласныя войскі ва Украіну на дапамогу Расіі з'явіліся яшчэ ў ліпені гэтага года. Тады паведамлялася, што лідар КНДР Кім Чэн Ын плануе перакінуць у акупаваныя вобласці Украіны будаўнічыя і інжынерныя войскі.

Тым часам крыніцы ў заходніх разведках раскрылі, што Паўночная Карэя перадала Расіі каля 3 мільёнаў снарадаў за год, што складае палову ад усіх выкарыстаных Расіяй боепрыпасаў ва Украіне ў гэтым годзе.

Ракетным ударам украінцы знішчылі каля Данецка шасцярых афіцэраў з КНДР — Kyiv Post

«Еўропа адпачывае». Рыжанкоў пра ўражанні ад візіту ў КНДР

За боепрыпасы Пуцін аддзячыў Кім Чэн Ыну пародзістымі коньмі

КНДР назвала нападзенне УСУ на Курскую вобласць актам агрэсіі і тэрору

На парадзе ў Карэі з вайскоўцамі маршыравалі сабакі-робаты. Паказалі таксама ракету, здольную знішчыць Кім Чэн Ына ў любым бункеры ВІДЭА

Nashaniva.com