Расійскія войскі расстралялі дзевяць украінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці

Украінскія аператары дронаў здаліся перад гэтым у палон.

13.10.2024 / 11:36

Карта, апублікаваная DeepState

Расійскія войскі расстралялі дзевяць украінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. Пра гэта паведамляе сэрвіс DeepState.

Аналітыкі са спасылкай на крыніцы адзначаюць, што гэта адбылося 10 кастрычніка ў раёне населенага пункта Зялёны Шлях. Туды прарваліся расійскія часці. Украінскія байцы (сярод іх былі аператары дронаў) былі вымушаныя здацца. Як адзначае DeepState, сітуацыя ў Курскай вобласці не такая радасная.

Упаўнаважаны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец пракаментаваў, што пакаранне палонных — гэта грубае парушэнне Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі. Ён накіраваў лісты ў ААН і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа з нагоды расстрэлу палонных.

«Гэтыя дзеянні не павінны застацца беспакаранымі, і вораг павінен панесці ўсю адказнасць. Расія — гэта краіна-тэрарыст, якая парушае ўсе правілы і звычаі вайны. Міжнародная супольнасць не павінна заплюшчваць вочы на такія злачынствы», — заявіў Лубінец.

Nashaniva.com