Найбуйнейшая нафтабаза ў Крыме можа быць практычна цалкам знішчана

Спадарожнікавую фатаграфію нафтабазы ў Крыме, на якой быў вялікі пажар, выклаў украінскі OSINT-праект «КиберБорошно».

13.10.2024 / 12:34

Так цяпер выглядае нафтабаза ў Феадосіі са спадарожніка. Фота: OSINT-праект «КиберБорошно».

«Дагарэла нафтабаза ў Феадосіі», — піша праект. Паведамляецца, што ўсяго на тэрыторыі базы пацярпела 12 рэзервуараў, 8 з іх знішчаны. Таксама згарэлі будынкі на тэрыторыі аб'екта.

Нафтабазе ў Феадосіі загарэлася ноччу 7 кастрычніка. Генштаба УСУ заявіў, што ўкраінцы нанеслі ўдар па марскім нафтавым тэрмінале — найбуйнейшым у Крыме па аб'ёмах перавалкі нафтапрадуктаў. Пажар працягваўся некалькі дзён.

Пажар на нафтабазе ў Феадосіі, 7 кастрычніка 2024 года. Скрын відэа «КиберБорошно»

З бліжэйшых раёнаў былі эвакуяваныя больш за тысячу чалавек. Справіцца з сітуацыяй уладам Крыма ўдалося толькі 12 кастрычніка. Лічыцца, што патушыць такі пажар немагчыма, пакуль там не выгараць усе нафтапрадукты.

Кіраўнік Феадосіі Ігар Ткачэнка заявіў, што рэжым надзвычайнай сітуацыі пакуль не адменены, ліквідацыя наступстваў пажару працягваецца. Але большая частка эвакуяваных жыхароў вярнулася дадому.

Nashaniva.com