Бізнэс і інвестараў збіраюцца пазбавіць ільгот

На сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала апублікаваны законапраект са зменамі ў Падатковы кодэкс на 2025 год. Сярод прапаноў — скараціць падатковыя льготы, якія шырока прымяняюцца бізнэсам і інвестарамі, піша партал banki24.by.

13.10.2024 / 13:00

Адмена льгот на размеркаванне прыбытку

Праект зменаў у Падатковы кодэкс прапануе паэтапную адмену льготных ставак па падатку на прыбытак у памеры 6% і 0%. Гэтыя стаўкі дзейнічаюць у дачыненні да дывідэндаў і падаходнага падатку на размеркаванне прыбытку. Змены закрануць сітуацыі, калі прыбытак не размяркоўваўся сярод удзельнікаў (акцыянераў) беларускіх арганізацый — падатковых рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь на працягу трох і пяці папярэдніх каляндарных гадоў адпаведна.

Згодна з палажэннямі законапраекта, адмена названых ільгот будзе паэтапнай. Стаўка 6% на размеркаванне прыбытку, якая прымяняецца пасля трохгадовага перыяду, будзе адменена з 1 студзеня 2026 года, а стаўка 0%, якая дзейнічае пасля пяцігадовага тэрміну, спыніць сваё дзеянне з 1 студзеня 2028 года.

Такім чынам, у 2025 годзе гэтыя нормы застануцца ў сіле, і першыя змены ўступяць у сілу толькі з 1 студзеня 2026 года.

Адмяняюцца льготы на валоданне долямі больш за 3 гады

Плануецца адмяніць ільготу, якая вызваляе ад падаходнага падатку даходы ад продажу доляў у статутным фондзе беларускіх арганізацый, калі ўладальнік трымаў гэтыя долі не менш за тры гады. Таксама гэта закране акцыі беларускіх кампаній, якія можна будзе прадаваць не раней чым праз тры гады пасля куплі. Тым не менш, захаваюцца нормы, якія дазваляюць адымаць з падаткаабкладальнай базы выдаткі на набыццё акцый або доляй у кампаніі.

Гэтая норма ўступіць у сілу з 1 студзеня 2025 года. Дзеянне льготы, якая вызваляе даходы інвестараў — фізічных асоб ад падаткаабкладання пры ўдзеле ў зарэгістраваных у Беларусі інвестыцыйных фондах, будзе падоўжанае да 1 студзеня 2030 года.

Падаткаабкладанне крыптавалюк і токенаў

Праект удакладняе падаткаабкладанне здзелак з крыптавалютамі і токенамі. Падаткі будуць спаганяцца з аперацый праз замежныя платформы, але не распаўсюдзяцца на здзелкі з рэзідэнтамі Парку высокіх тэхналогій, атрыманне ў спадчыну токенаў і дарэнне, пры гэтым агульная сума падарункаў у год не павінна перавышаць 11 516 рублёў.

Nashaniva.com