Сын непрымірымага ворага Кадафі прыбыў у Беларусь, каб заключыць пагадненне

Садам Хафтар хоча падпісаць пагадненне аб падрыхтоўцы ваенных лётчыкаў для Лівійскай нацыянальнай арміі, якой камандуе ягоны бацька. 

13.10.2024 / 17:07

Садам Хафтар, малодшы сын лівійскага магната Халіфы Хафтара, які многімі разглядаецца як ягоны пераемнік. Фота: Фэйсбук

«Нашыя крыніцы: Садам Хафтар прыбыў у Рэспубліку Беларусь у суправаджэнні генерал-лейтэнанта Мухамада аль-Манфура аль-Аміна, камандуючага авіяцыйным каледжам ва ўсходнім рэгіёне, два дні таму. Садам і Аль-Манфур адправіліся ў Беларусь, каб дамовіцца аб здзелках са зброяй і навучанні вайскоўцаў ВПС», — гаворыцца ва ўчорашнім паведамленні Libya Press.

Бацька Садама, Халіфа Хафтар, у 1969 годзе браў удзел у арганізаваным Муамарам Кадафі перавароце, які прывёў да звяржэння манархіі ў Лівіі. Хафтар стаў адным з вышэйшых афіцэраў і галоўных набліжаных лівійскага лідара. 

Аднак у час вайны Лівіі з Чадам за памежную паласу, якая разгарэлася ў 1987 годзе, галоўнакамандуючы Хафтар быў разбіты, тысячы лівійскіх салдат і сам Халіфа трапілі ў палон. Пасля паражэння Кадафі публічна адрокся ад палонных. Адной з прычынай было тое, што лівійскі лідар бачыў у сваім генерале пагрозу для сваёй улады. Раз'юшаны Хафтар парваў усе сувязі з Кадафі і заклікаў сваіх людзей дапамагчы яму ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.

Халіфа Хафтар. Фота: agenzianova.com

Хафтар урэшце выйшаў на волю і планаваў уварванне ў Лівію, аднак яго апярэдзіў Кадафі, які арганізаваў у 1990 годзе пераварот у Чадзе. Хафтара і яго прыхільнікаў давялося эвакуяваць ЦРУ. Больш за 20 гадоў генерал пражыў у ЗША, дзе атрымаў грамадзянства.

Пасля падзення Кадафі ў 2011 годзе Хафтар вярнуўся ў Лівію і ўзначаліў Лівійскую нацыянальную армію, сабраную з рэштак арміі Кадафі, стаўшы адным з ключавых гульцоў у лівійскай грамадзянскай вайне. Сёння ягоная армія кантралюе большую частку Лівіі.

Ягоным пераемнікам лічыцца сын Садам Хафтар. У студзені 2023 года Халіфа Хафтар абвясціў, што адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Лівіі пры ўмове, што яго сыны Садам і Бэлькасім атрымаюць магчымасць балатавацца. У маі Хафтар прызначыў Садама начальнікам штаба сухапутных войскаў. 

Nashaniva.com