Гурневіч Астапеню: Размаўляць па-руску гэта не выбар беларусаў, а навязаны выбар Масквы

Журналіст Дзмітрый Гурневіч у сваім тэлеграм-канале не пагадзіўся з меркаваннем беларускага сацыёлага наконт беларускамоўнай будучыні Беларусі і жаданнем пусціць моўнае пытанне на самацёк. 

13.10.2024 / 21:23

Дзеці ў мілітары на вуліцах Мінска. Тэма вайны — адзін з рычагоў інфармацыйнага ўплыву і прапаганды Расіі на Беларусь.

У новым выпуску ТОКу Рыгор Астапеня падзяліўся сваім бачаннем нацыябудаўніцтва беларусаў, у якім выказаў меркаванне, што краіна ўжо не будзе беларускамоўнай, а беларусам варта даць свабоду і магчымасць зарабляць грошы, а не перавучваць і навязваць беларушчыну. Маўляў, усё вырашыцца неяк само, калі будуць роўныя ўмовы.

Гурневіча гэтыя словы Астапені вельмі здзівілі. Ён звяртае ўвагу на тое, што іх бацькам убілі ў галовы, што яны савецкія людзі – і многія ў гэта паверылі і прынялі, хоць зусім не хацелі гэтага. Інфармацыйны ўплыў і прапагандай сфарміравалі і любоў да Расіі.

@tokbelarus Каго беларусы бачаць новым прэзідэнтам? #Беларусь #лукашенко #президент #батька #беларусьновости #нашаніва ♬ transgender - &lt3

«Амаль уся Беларусь размаўляе па-расейску не таму, што яна так вырашыла. Гэта вырашылі за іх у Маскве, а мясцовыя рэнегаты зрабілі ўсё, каб іх перавучыць».

«Я не веру, што свядомасць фармуецца сама. Гэта заўсёды адбываецца ў кантэксце, які фармуецца ўладамі, СМІ, элітамі, абставінамі або выпадковасцямі. Але часцей акурат арганізавана, дзяржавай. Гэта садкі, школа, універсітэт», — перакананы журналіст.

Гурневіч лічыць заганнай думку, што сітуацыя свабоднага выбару ўсё адрэгулюе, бо ўтвораны вакуум неадкладна запоўняць больш падрыхтаваныя цэнтры ўплыву. Ён перакананы, што расійскія агенты ўплыву змогуць рэалізоўваць свае інтарэсы пры такой свабодзе лепш за беларусаў. 

«Калі б ніхто на беларускіх землях не займаўся адраджэннем у пачатку XX стагоддзя (па-сутнасці стварэннем), то не было б праз 20 год ніякіх беларускіх партый, арганізацый, суполак і ў выніку дзяржавы. Хай сабе васальнай, але арганізаванай адзінкі пад назвай Беларусь.

Як казаў святы Тамаш Аквінскі, калі нешта круціцца, то значыць, што нехта гэта крутанаў», — піша Гурневіч.

Гурневіч згаджаецца, што беларускамоўная Беларусь пры нашым жыцці гэта сапраўды ілюзія, але каб не знікнуць беларусам як нацыі, да яе варта імкнуцца, а не пускаць справу на самацёк, бо тады працэсам будзе кіраваць нехта іншы.

Nashaniva.com